Міграцыя і годнасць: слова біскупаў абедзвюх Амерык
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Прадстаўнікі многіх епіскапатаў Лацінскай Амерыкі, Канады і ЗША сустрэліся 15-17 лютага 2026 года ў Тампе. Яны ўказалі на неабходнасць супольнага, сінадальнага адказу на беднасць, гандаль людзьмі, наркакультуру і палярызацыю, якая аслабляе грамадства.
Асаблівую ўвагу іерархі надалі лёсу мігрантаў. У камюніке падкрэсліваецца, што ніводзін з іх не з’яўляецца чужым для Касцёла. Душпастырскі клопат павінен ахопліваць увесь шлях чалавека – ад краіны паходжання да месца прызначэння. Біскупы адзначылі асаблівую ўразлівасць тых, хто падарожнічае і шукае будучыню ў краінах рэгіёну.
Іерархі прызналі адказнасць дзяржаў за рэгуляванне міграцыі дзеля агульнага дабра, аднак нагадалі: любое заканадаўства мусіць ставіць у цэнтр неадчужальную годнасць асобы. Палітыка павінна абараняць жыццё і правы людзей, а не толькі кантраляваць межы.
Аўтары звароту заахвоцілі вернікаў да шчодрага прыёму тых, хто прыбывае ў іх краіны, абароны безабаронных і дыялогу нават пры розніцы поглядаў. Яны выказалі надзею на тое, што парафіі і сем’і стануць бачным знакам таго, што братэрства магчыма, а Евангелле здольнае перамяняць грамадства.