Святы Пасад у ААН: абарона цывільных – гэта маральны абавязак
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас адкрытай дыскусіі ў Нью-Ёрку, скліканай па ініцыятыве Кітая, прадстаўнікі Святога Пасада заявілі пра недапушчальнасць ігнаравання нормаў міжнароднага гуманітарнага права.
Сёння мільёны мірных жыхароў пакутуюць ад гвалту, голаду і вымушанага перасялення. Са спасылкай на словы Папы Льва XIV дэлегацыя нагадала, што прынцып чалавечнасці накладвае на ўсіх маральны абавязак абараняць безабаронных людзей ад жахаў вайны.
Святы Пасад вылучыў тры ключавыя праблемы, якія патрабуюць неадкладнага рашэння. Па-першае, гэта напады на храмы і рэлігійныя супольнасці, якія ў часы выпрабаванняў служаць месцамі паратунку і салідарнасці. Захаванне свабоды веравызнання нават сярод канфлікту з’яўляецца неабходным для абароны годнасці чалавека. Па-другое, застаецца трывожнай сітуацыя з бяспекай медыцынскага персаналу і бальніц, якія ніколі не павінны станавіцца мэтай для ўдараў.
Па-трэцяе, сур’ёзную занепакоенасць выклікае ваеннае прымяненне новых тэхналогій і штучнага інтэлекту. Паколькі ніводная машына не здольная замяніць маральнае меркаванне чалавека, выкарыстанне зброі без належнага чалавечага кантролю размывае адказнасць за смерць людзей.
Заклікаўшы бакі да дыялогу і мірнага вырашэння спрэчак, прадстаўніцтва Святога Пасада ў ААН падкрэсліла, што важна катэгарычна адмовіцца ад логікі, якая ператварае асобу ў сухую статыстыку, і прызнаць дадзеную Богам годнасць кожнага чалавека.