Пошук

Папа Леў XIV і прэзідэнт Італіі падчас візіту ў Квірынал, 14 кастрычніка 2025 года Папа Леў XIV і прэзідэнт Італіі падчас візіту ў Квірынал, 14 кастрычніка 2025 года  (ANSA)

Прэзідэнт Італіі павіншаваў Льва XIV з гадавінай пантыфікату

Серджа Матарэла накіраваў Пантыфіку пасланне з нагоды першай гадавіны ўрачыстага ўступлення на Пасад Святога Пятра, якое адбылося 18 мая 2026 года. Ён падкрэсліў асаблівае значэнне яго заклікаў да міру, справядлівасці і дыялогу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Кіраўнік Італіі перадаў Папу цёплыя пажаданні ад імя італьянскага народа і асабіста ад сябе, выказаўшы надзею на яго далейшае плённае служэнне. Матарэла асабліва падкрэсліў значэнне мірных заклікаў Пантыфіка, якія працягваюць гучаць ва ўсім свеце, звяртаючыся да розумаў і сэрцаў усіх, нават тых, хто, здаецца, азмрочаны эгаізмам і ганарыстасцю.

Прэзідэнт Матарэла адзначыў, што заклікі Льва XIV аб спыненні войнаў, аднаўленні справядлівасці і развіцці дыялогу даюць надзею людзям розных культур і веравызнанняў. Ён звярнуў увагу на небяспеку павярхоўнага стаўлення да пагрозы вайны і на высокі чалавечы кошт узброеных канфліктаў.

Асобнае месца ў пасланні заняла тэма нядаўняга апостальскага падарожжа Святога Айца ў Афрыку. Матарэла назваў гэты візіт важным сведчаннем пастырскай блізкасці Папы да народаў афрыканскага кантынента. Падчас паездкі Пантыфік звяртаўся перш за ўсё да моладзі і кіраўнікоў афрыканскіх краін, заклікаючы іх да супрацоўніцтва, развіцця адукацыі, фармацыі і служэння агульнаму дабру з павагай да чалавечай годнасці, - падкрэсліў ён.

Кіраўнік Італіі заявіў, што заклікі Папы дапамагаюць захоўваць веру ў здольнасць сучасных пакаленняў адказаць на страшныя выклікі часу братэрскай салідарнасцю і пазбегнуць духоўнага і матэрыяльнага збяднення.

Напрыканцы паслання Матарэла падзякаваў Святому Айцу за блізкасць да італьянскага народа і адзначыў, што ў Італіі чакаюць будучых пастырскіх візітаў Пантыфіка з радасцю і аднадушнай любоўю. Прэзідэнт таксама ўзгадаў свае нядаўнія сустрэчы з Львом XIV і выказаў спадзяванне на новыя сустрэчы ў бліжэйшай будучыні.

18 мая 2026, 12:09