Галахер: рэфармаць ААН дзеля міру, развіцця і правоў чалавека
Марыя Валодзіна - Vatican News
29 верасня 2025 года ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі звярнуўся да удзельнікаў Генасамблеі з прамовай, у якой нагадаў пра важнае значэнне шматбаковага супрацоўніцтва для вырашэння глабальных праблем. (ПОЎНЫ ТЭКСТ ПРАМОВЫ)
Неабходнасць шматбаковага супрацоўніцтва
Каб спрыяць шматбаковаму супрацоўніцтву, неабходна пацвердзіць асноўныя каштоўнасці ААН, такія як мір, развіццё і ўсеагульныя правы чалавека. Міжнародны кантэкст змяніўся, і ніводная краіна не можа справіцца з новымі пагрозамі ў адзіночку. У гэтым кантэксце Святы Пасад выступае як "голас тых, у каго няма голасу", выступаючы за свет, у якім пануе мір, справядлівасць, вяршэнства закона і дабрабыт.
Мірабудаўніцтва
Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што мір – гэта не проста адсутнасць канфлікту або раўнавага паміж супернікамі, а каштоўнасць, заснаваная на ўзаемнай павазе. Каб пабудаваць мір, неабходна адмовіцца ад нянавісці і помсты, аддаючы перавагу дыялогу і прымірэнню. Гэтыя каштоўнасці ляжаць у аснове дыпламатыі, і міжнародная супольнасць павінна прасоўваць іх з дапамогай канкрэтных дзеянняў. Святы Пасад прапануе стварыць глабальны фонд па выкараненню галечы і голаду, садзейнічанню ўстойліваму развіццю і барацьбе са зменай клімату, які б часткова фінансаваўся за кошт выдаткаў на ваенныя расходы.
Распаўсюджванне ядзернай зброі
Па словах дыпламата, пераўзбраенне стварае новыя пагрозы і ўзмацняе страхі. Ваенныя выдаткі, якія ў 2024 годзе дасягнуць 2,72 трыльёна долараў, падтрымліваюць “цыклы насілля і падзелу” і адымаюць сродкі ў бедных і ўразлівых. Раззбраенне – не палітычны разлік, а маральны імператыў. Асаблівую трывогу выклікаюць ядзерныя арсеналы: іх запасы трэба скарачаць, а мадэрнізацыю – спыняць. У свеце існуе больш за 12 тысяч ядзерных боегаловак, агульная выбуховая магутнасць якіх эквівалентная больш чым 100 тысячам бомбаў Хірасімы. Свет без ядзернай зброі “неабходны і магчымы", - сцвердзіў арцыбіскуп Галахер.
Павага да міжнароднага гуманітарнага права
Такія парушэнні міжнароднага гуманітарнага права, як напады на мірных жыхароў, шпіталі, школы і святыні, з’яўляюцца цяжкімі ваеннымі злачынствамі, таксама як і выкарыстанне голаду як зброі. Вайскоўцы нясуць поўную адказнасць за свае дзеянні, якія нельга апраўдаваць падпарадкаваннем загадам, - сцвердзіў іерарх.
Свабода думкі, сумлення і веры
Больш за 360 мільёнаў хрысціян сёння жывуць ва ўмовах моцнага пераследу або дыскрымінацыі, што робіць хрысціянства “найбольш пераследаванай рэлігійнай групай у свеце”. Ніводная дзяржава ці грамадства не павінны прымушаць дзейнічаць супраць сумлення. Ключавым застаецца міжрэлігійны дыялог як сумесны шлях да ўзаемнай павагі, справядлівасці і міру, асабліва ў свеце, які пакутуе ад экстрэмізму, палярызацыі і канфліктаў. Святы Пасад, які сёлета адзначае 60-годдзе Дэкларацыі "Nostra Aetate" аб адносінах з не хрысціянскімі рэлігіямі, займае актыўную пазіцыю ў гэтай галіне.
Павага да чалавечай годнасці
Усе намаганні міжнароднай супольнасці павінны ставіць у цэнтр годнасць чалавека. Гэта азначае таксама абарону права на жыццё ад зачацця да натуральнай смерці. Святы Пасад пацвярджае незаконнасць абортаў і эўтаназіі, якія спрыяюць “культуры смерці”. Рэсурсы павінны быць накіраваны на абарону жыцця, належную медыцынскую дапамогу і паліятыўную падтрымку. Існуе толькі адно права на жыццё, якое не можа мець ніякай супрацьлегласці. Да практык, якія падрываюць чалавечую годнасць, адносіцца таксама сурагатнае мацярынства, якое ператварае жанчыну і дзіця ў “звычайныя прадукты”.
Суверэнітэт права
Як казаў дзесяць гадоў таму з гэтай жа трыбуны Папа Францішак, праца ААН павінна спрыяць суверэнітэту права, ведаючы, што справядлівасць з'яўляецца абавязковым патрабаваннем для дасягнення ідэалу ўсеагульнага братэрства". Сёння Святы Пасад падкрэслівае, што ніхто, незалежна ад статусу, не мае права парушаць годнасць і правы іншых.
Выкараненне голаду і беднасці
Для Святога Пасада выкараненне голаду і галечы з'яўляецца "маральным абавязкам", паколькі яны пазбаўляюць людзей патэнцыялу, дадзенага ім Богам. Гэты крызіс трэба вырашаць праз супольнае выкарыстанне рэсурсаў, а не прагнае назапашванне. Неабходна пераасэнсаваць і абнавіць харчовыя сістэмы ў духу салідарнасці.
Няроўнасць і адмена даўгоў
Глыбокая няроўнасць ў даходах, адукацыі, медыцыне, харчаванні і жыллі часта пагаршаецца "сістэмнай несправядлівасцю, канфліктамі і дэградацыяй навакольнага асяроддзя". Неабходна ліквідаваць структурныя прычыны няроўнасці, такія як несправядлівыя гандлёвыя сістэмы, эксплуатацыя і няроўны доступ да рэсурсаў. Спісанне даўгоў, якія абцяжарваюць цэлыя нацыі, - гэта не проста акт шчодрасці, а "пытанне справядлівасці", асабліва з улікам прызнання новай формы доўга – экалагачнага.
Клопат аб стварэнні і кліматычны крызіс
Экалагічны крызіс закранае перш за ўсё найбольш уразлівых – бедных і будучыя пакаленні. Сітуацыя патрабуе ўмацавання міжнароднага супрацоўніцтва, абмену тэхналогіямі і досведам па абароне клімату, а таксама развіцця "культуру клопату, якая вучыць новаму ладу жыцця", - сказаў іерарх.
Мігранты і бежанцы
Мігранты і ўцекачы — першыя ахвяры глабальнай няроўнасці. Адказ на праблему павінен быць этычным, гуманітарным і салідарным. Для зніжэння рызыкі нелегальнай міграцыі неабходна пашыраць бяспечныя міграцыйныя каналы і змагацца з гандлем людзьмі, - адзначыў арцыбіскуп Галахер.
Штучны інтэлект
Штучны інтэлект можа ствараць рызыку "тэхнакратычнай парадыгмы", згодна з якой, усе праблемы могуць быць вырашаны толькі з дапамогай тэхналогій, а годнасць і братэрства становяцца падпарадкаванымі эфектыўнасці. Святы Пасад заклікае распрацаваць і прыняць этычныя нормы і выразную нарматыўную базу для ШІ.
Правы работнікаў
Па словах іерарха, шырокае распаўсюджванне ШІ паставіць пад пагрозу многія працоўныя месцы, таму неабходна ствараць эканамічныя сістэмы, якія падтрымліваюць новыя віды занятасці і прадпрымальніцтва. Справядлівая аплата і ўстойлівыя ўмовы працы, асабліва для жанчын, умацоўваюць сям’ю. Святы Пасад таксама заклікае падтрымліваць моладзь у жаданні стварыць сям’ю як саюз мужчыны і жанчыны.
Крызіс ва Украіне
Прадстаўнік Святога Пасада назваў крызіс ва Украіне “адным з самых глыбокіх і балючых”. Прыгожыя гарады ператварыліся ў руіны, дзеці растуць у бомбасховішчах пад гукі сірэн. "Гэтая вайна павінна скончыцца цяпер, а не ў нявызначанай будучыні", - падкрэсліў арцыбіскуп Галахер. Ён заклікаў усе дзяржавы-члены ААН адмовіцца ад пасіўнасці і падтрымаць ініцыятывы справядлівага і трывалага міру.
Блізкі Усход
Іерарх заклікаў да справядлівага і стабільнага міру паміж ізраільцянамі і палесцінцамі, заснаванага на рашэнні аб дзвюх дзяржавах і міжнародным праве. Патрабуюцца спыненне гвалту, вызваленне ўсіх закладнікаў, бяспечная дастаўка гуманітарнай дапамогі і абарона грамадзянскага насельніцтва. Любыя аднабаковыя рашэнні, якія змяняюць спецыяльны статус Іерусаліма, з'яўляюцца "маральна і юрыдычна непрымальнымі".
Сірыя і Афрыка
Прадстаўнік Святога Пасада пацвердзіў неабходнасць мірнага пераходу ўлады ў Сірыі і падтрымаў дэмакратычныя працэсы ў Афрыцы, адначасова адзначаючы такія перашкоды, як аўтарытарызм, карупцыю і нестабільнасць.
Дэмакратычная Рэспубліка Конга
Святы Пасад занепакоены пагаршэннем сітуацыі на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Падпісанне мірных пагадненняў ацэньваецца станоўча, але існуе высокая рызыка новых актаў гвалту. Галахер нагадаў, што ў ліпені 2025 года групоўка “Альянс дэмакратычных сіл” здзейсніла напад на вернікаў у вёсцы Каманда, забіўшы больш за 40 чалавек. Выснова місіі ААН (MONUSCO) таксама выклікае сумневы ў здольнасці забяспечваць бяспеку ў рэгіёне.
Судан і Паўднёвы Судан
Арцыбіскуп Галахер заклікаў да неадкладнага спынення агню і перамоў у Судане. "Крык болю суданскага народа павінен быць пачуты, больш няма месца для абыякавасці". Палітычныя сілы Паўднёвага Судана павінны цалкам рэалізаваць мірнае пагадненне 2018 года.
Наркагандаль і Карыбскі басейн
Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў супрацьстаяць наркагандлю ў Лацінскай Амерыцы і інвеставаць у развіццё чалавека. Асаблівую занепакоенасць выклікаюць Гаіці, дзе неабходна стварыць сацыяльныя і інстытуцыйныя ўмовы для міру і бяспекі, і Нікарагуа, дзе трэба гарантаваць асноўныя правы чалавека, у тым ліку і свабоду веравызнання.
Паўднёва-усходняя Азія
Святы Пасад з усё большай заклапочанасцю сочыць за сітуацыяй у паўднёва-усходняй Азіі, асабліва ў М’янме, дзе вайна і гандаль людзьмі закранулі дзясяткі, калі не сотні тысяч ахвяр.
Балканы і Каўказ
Краіны Балкан, "звязаныя з Еўропай гістарычнымі, культурнымі і геаграфічнымі сувязямі", імкнуцца да больш цеснай інтэграцыі з ЕС. Важна, каб этнічныя, культурныя і рэлігійныя адрозненні служылі крыніцай узбагачэння, а не падзелу. Святы Пасад пазітыўна ацэньвае мірныя пагадненні паміж Арменіяй і Азербайджанам і заклікае абодва бакі працягваць працэс прымірэння.
Умацаванне шматбаковасці
У заключэнне арцыбіскуп Галахер падкрэсліў значэнне ААН, адзначаючы яе дасягненні за 80 гадоў гісторыі і адначасова прызнаючы існуючыя абмежаванні і цяжкасці, якія ставяць пад сумнеў яе надзейнасць. Гэтыя цяжкасці павінны матываваць да рэформы і адраджэння ААН, захоўваючы яе асноўныя прынцыпы: права чалавека, міжнародны мір і бяспеку, устойлівае развіццё і вяршэнства права. ААН павінна заставацца маяком надзеі і станоўчай сілай на службе чалавецтву.