Пошук

Падчас апеляцыйнага працэсу ў Ватыкане Падчас апеляцыйнага працэсу ў Ватыкане  (@Vatican Media)

Ватыкан: апеляцыйны працэс па справе фондаў Святога Пасада

22 верасня 2025 года ў новай зале Трыбунала Дзяржавы Ватыкан у Апостальскім палацы адкрыўся другі этап гучнай судовай справы, звязанай з фінансавымі злоўжываннямі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Апеляцыйны працэс разглядае скаргі на прысуд, вынесены 16 снежня 2023 года. Тады суд прызнаў вінаватымі дзесяць асобаў і прысудзіў ім розныя тэрміны пазбаўлення волі і штрафы за махлярства, карупцыю і іншыя эканамічныя злачынствы.

У цэнтры справы некалькі эпізодаў, у тым ліку – купля-продаж будынка на Sloane Avenue ў Лондане, якая, паводле высноваў суда першай інстанцыі, нанесла Святому Пасаду страты прынамсі на 139 мільёнаў еўра.

Працэс атрымаў назву “суд стагоддзя” з-за сваёй працягласці (86 пасяджэнняў), складанасці і беспрэцэдэнтнасці: упершыню на лаве падсудных апынуўся кардынал – Джавані Анджэла Бэчу. Яму прысудзілі пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвую забарону займаць дзяржаўныя пасады і штраф. Большасць асуджаных, у тым ліку кардынал Бэчу, заявілі аб сваёй невінаватасці і падалі апеляцыю.

Разгляд справы вядзе калегія суддзяў пад старшынствам арцыбіскупа Алехандра Арэльяна Сэдыльё, дэканa Трыбунала Рымскай Роты. На першым тыдні запланавана пяць пасяджэнняў, якія адбудуцца з 22 па 26 верасня 2025 года.
 

22 верасня 2025, 09:25