Святы Пасад: мір нельга будаваць на пагрозе ядзернага знішчэння
Марыя Валодзіна - Vatican News
Арцыбіскуп Габрыэле Кача прыняў удзел у тэматычнай дыскусіі па пытаннях ядзернай зброі, якая 21 кастрычніка 2025 года прайшла ў Першым камітэце 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што праблема ядзернай зброі па-ранейшаму ўяўляе сабой адну з найвялікшых пагроз міжнароднаму міру і бяспецы. Мінула восемдзесят гадоў з часу першага ядзернага выпрабавання ў Нью-Мексіка і трагедый Хірасімы і Нагасакі: пакуты і разбурэнні, нанесеныя гэтымі падзеямі, служаць вечным напамінам чалавецтву пра катастрафічны патэнцыял гэтай зброі і нашу агульную адказнасць за прадухіленне паўтарэння падобных трагедый.
Сёння свет зноў сутыкаецца з небяспечнай рыторыкай аб прымяненні ядзернай зброі і імкненнем пашыраць ядзерныя арсеналы. Гэтыя дзеянні часта апраўдваюцца памылковай логікай стрымлівання, якая паглыбляе страх і падрывае глабальную бяспеку. Мір нельга будаваць на пагрозе поўнага знішчэння – гэта маральна неапраўдана і стратэгічна няўстойліва, - адзначыў дыпламат.
Асаблівую трывогу выклікае выкарыстанне штучнага інтэлекту і кібертэхналогій у ядзерных сістэмах. Гэтыя інавацыі скарачаюць час для прыняцця рашэнняў, зніжаюць кантроль з боку чалавека і павялічваюць рызыку пралікаў і памылак, - папярэдзіў арцыбіскуп Кача.
Святы Пасад перакананы, што скарачэнне і, у канчатковым рахунку, ліквідацыя ядзернай зброі – гэта неадкладны маральны імператыў, - сцвердзіў іерарх, заклікаючы ядзерныя дзяржавы выконваць абавязацельствы па артыкуле VI Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.
Сапраўдная бяспека заключаецца ў абароне жыцця і садзейнічанні справядлівасці і міру. Назапашванне і распаўсюджванне ядзернай зброі супярэчыць гэтым прынцыпам, - заявіў назіральнік Святога Пасада, заклікаючы міжнародную супольнасць да дыялогу, братэрства і павагі да годнасці, дадзенай Богам кожнаму чалавеку.