Святы Пасад у ААН пра маральную адказнасць за радыяцыйную бяспеку
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый арцыбіскуп Габрыэле Кача выступіў 22 кастрычніка 2025 года на пасяджэнні Чацвёртага камітэта 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі, падчас якога абмяркоўваліся пытанні атамнай радыяцыі і яе ўздзеяння на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе.
Праблема радыяцыйнага ўздзеяння застаецца актуальнай
Паводле справаздачы Навуковага камітэта ААН па даследаванні эфектаў атамнай радыяцыі (UNSCEAR) за 2024 год, каля 80% штучнага радыяцыйнага апраменьвання звязана з медыцынскімі працэдурамі. Медыцынскія тэхналогіі маюць жыццёва важнае значэнне для дыягностыкі і лячэння, неабходна аднак выкарыстоўваць іх адказна і з максімальнай асцярожнасцю, каб звесці рызыку да мінімуму, - падкрэсліў арцыбіскуп Кача.
Акрамя таго, высновы Камітэта працягваюць пацвярджаць доўгатэрміновыя наступствы забруджвання навакольнага асяроддзя ў выніку ядзерных выпрабаванняў, аварый і неналежнага захоўвання ядзерных адходаў. Гэтыя наступствы ў непрапарцыйнай ступені закранаюць жанчын, дзяцей і маргіналізаваныя супольнасці, - адзначыў іерарх.
Уздзеянне радыяцыі на здароўе чалавека
Прадстаўнік Святога Пасада прывітаў даследаванні навуковага камітэта ААН, прысвечаныя ўздзеянню радыяцыі на жыццёва важныя органы і сістэмы чалавека, такія як крывяносная, неўралагічная і імуналагічная. Праведзены аналіз другасных выпадкаў рака пасля радыётэрапіі падкрэслівае неабходнасць далейшых даследаванняў для зніжэння рызыкі і прадухілення шкоды.
Уцечка на Запарожскай АЭС пагражае ўсяму рэгіёну
Асаблівую заклапочанасць Апостальскай Сталіцы выклікае небяспека ядзерных аб’ектаў у зонах канфліктаў. Ваенныя дзеянні вакол Запарожскай АЭС служаць суровым напамінам пра сур'ёзную рызыку, якая ўзнікае, калі грамадзянская атамная інфраструктура аказваецца ўцягнутай у вайну. МАГАТЭ неаднаразова папярэджвала аб катастрафічных наступствах уцечкі радыяцыі з гэтага аб'екта, якія паўплываюць не толькі на насельніцтва Украіны, але і на суседнія краіны і навакольнае асяроддзе ва ўсім свеце. Неабходна прыняць тэрміновыя прэвентыўныя меры, каб гарантаваць бяспеку грамадзянскага насельніцтва і абараніць стварэнне, - заклікаў дыпламат.
Прадухіленне ядзерных пагроз – наша маральная адказнасць
Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў дзяржавы ўмацоўваць міжнародныя прававыя механізмы для прадухілення ядзерных аварый, выконваць абавязацельствы па артыкуле VI Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, а таксама ратыфікаваць і ажыццяўляць іншыя дамовы аб забароне ядзернай зброі і выпрабаванняў. Абарона чалавецтва, дапамога пацярпелым і клопат аб навакольным асяроддзі – наша маральная адказнасць перад цяперашнімі і будучымі пакаленнямі, - заявіў арцыбіскуп Кача.