Рада Сінода Біскупаў: курс на падрыхтоўку Асамблеі 2028 года
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пасяджэнне, якое ўзначаліў кардынал Марыё Грэк, распачалося малітвай і разважаннем над Евангеллем, якое правёў айцец-камедул Матэа Ферары.
Асноўнай тэмай стала ацэнка Юбілею сінадальных груп. Рада прызнала мерапрыемства надзвычай плённым як па змесце, так і па метадзе, пры якім пленарныя сесіі чаргаваліся з працай у невялікіх групах, што спрыяла малітве, дыялогу і разважанням. Асабліва каштоўнай стала сустрэча-дыялог з Папам, падчас якой дэлегаты з усіх кантынентаў дзяліліся дасягненнямі, выклікамі і мясцовымі ініцыятывамі, а Святы Айцец сядзеў за адным сталом, уважліва слухаў, рабіў нататкі і адказваў кожнаму, што стала канкрэтным прыкладам сінадальнага стылю.
Рада адзначыла, што ўдзельнікі змаглі адчуць сінадальную атмасферу братэрства і слухання, а таксама высока ацанілі лекцыі і абмен вопытам. Асаблівую ўвагу прыцягнула гамілія Святога Айца на заключнай Імшы 26 кастрычніка 2025 года, якая пралівае святло на погляды Папы на сінадальнасць.
Рада абмеркавала таксама вынікі сустрэчы з біскупамі і каардынатарамі сінадальных груп. Сярод ключавых тэм: фарміраванне сінадальнай духоўнасці; слуханне народа Божага і пастырская і практычная праніклівасць; увага да культур і евангелізацыя ў розных кантэкстах; суправаджэнне тых, хто адчувае страх ці расчараванне з нагоды сінадальнага працэсу; ацэнка і фармацыя святароў і дыяканаў; збор і распаўсюджванне добрых практык; тэалагічнае паглыбленне пэўных тэм і ўвага да пастырскага і місійнага аспектаў сінадальнасці.
Рада даручыла генеральнаму сакратарыяту распрацаваць рабочую прапанову, якая дапаможа засяродзіцца на сінадальнасці і падрыхтоўцы да Касцёльнай асамблеі 2028 года.