Пошук

Папа падчас сусрэчы з сінадальнымі групамі Папа падчас сусрэчы з сінадальнымі групамі  (ANSA)

Леў XIV пра Сінод: слухаць, а не ствараць шаблоны

"Першае, што я хачу сказаць усім, – гэта місійнасць, абвяшчэнне Евангелля", - сказаў Леў XIV на пачатку сустрэчы з сінадальнымі групамі ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа нагадаў, што, згодна з задумай Францішка, сінадальны працэс павінен быў дапамагчы Касцёлу выконваць сваю асноўную ролю ў свеце, а менавіта абвяшчаць Евангелле і сведчыць пра Езуса аж да краю зямлі. Святы Айцец выслухаў сведчанні і адказаў на пытанні прадстаўнікоў розных кантынентаў.

Сінадальнасць – гэта навука слухання, пачынаючы ад слухання Божага Слова, а таксама слухання мудрасці іншых

Прадстаўніца Еўропы, аўстрыйскі тэолаг Клара Чысар, звярнула ўвагу на недастатковы ўдзел біскупаў з посткамуністычных краін у сінадальным працэсе, а таксама ўзняла пытанне аб роўнасці жанчын і мужчын у Касцёле.

Леў XIV звярнуўся да асабістага досведу. Ён прызнаў, што яго бацькі былі вельмі актыўнымі ў жыцці парафіі. Калі ў 1970-я гады ў ЗША шмат гаварылася пра роўнасць, ён спытаў у маці, ці хоча яна быць роўнай мужчынам. Яна адказала: “не, таму што мы лепшыя”.

Прадстаўнікі сінадальных груп падчас сустрэчы з Папам
Прадстаўнікі сінадальных груп падчас сустрэчы з Папам   (@Vatican Media)

Папа адзначыў, што гэта не быў жарт, бо жанчыны маюць шмат дароў, якія ўжо цяпер могуць ахвяраваць у жыцці сям'і і парафіі. Ён таксама прывёў прыклад з Перу, дзе законніцы вядуць выдатную місійную працу, карыстаючыся ўжо існуючымі ў Касцёле магчымасцямі.

На думку Святога Айца, праблема не ў адсутнасці магчымасцей, а ў культурных перашкодах. Касцёл можа быць рухаючай сілай культурных пераўтварэнняў у адпаведнасці з евангельскімі каштоўнасцямі.

Рэагуючы на сведчанне прадстаўніка Афрыкі, Леў XIV запэўніў, што ў сінадальным працэсе гаворка не ідзе пра стварэнне адзінай мадэлі, якая будзе прымяняцца ва ўсіх краінах.

Пантыфік падкрэсліў, што Афрыка – гэта кантынент, які можа шмат прапанаваць, а яго праблемы часта з'яўляюцца адначасова выклікамі і дарамі. У якасці прыкладу ён назваў моладзь і сям'ю, параўнаўшы поўную новага жыцця Афрыку са старэючай Еўропай.

Касцёл павінен выказвацца, каб змяняць свет і рабіць яго лепшым

Адказваючы прадстаўніцы Акіяніі, Леў XIV указаў на важнасць рэгіянальных касцельных арганізацый, якія звяртаюць увагу на сітуацыю ў іншых краінах і схіляюць Касцёл да дзеяння, напрыклад, у барацьбе з наступствамі змен клімату.

Рэагуючы на асцярогі прадстаўніка Паўночнай Амерыкі, што сінадальнасць абмяжуе ўладу біскупаў, Папа падкрэсліў неабходнасць цярплівасці. Ён адзначыў, што не ўсе ў Касцёле рухаюцца з аднолькавай хуткасцю, і дрэнна, калі некалькі чалавек выбягаюць наперад, пакідаючы многіх ззаду. На думку Святога Айца, вельмі важная таксама фармацыя на розных узроўнях касцельнага жыцця.

Падчас сустрэчы прадстаўнікоў сінадальных груп з Папам
Падчас сустрэчы прадстаўнікоў сінадальных груп з Папам   (@Vatican Media)

Рэагуючы на словы ліванскага біскупа, які прадстаўляў Усходнія Цэрквы, Святы Айцец звярнуў увагу на сведчанне ўсходніх хрысціян, на іх энтузіязм, веру, сілу, стойкасць і адвагу.

Гаворачы пра досвед католікаў у Лацінскай Амерыцы, Пантыфік прызнаў, што Касцёл шмат чым абавязаны гэтаму кантыненту, дзе дар веры і дух супольнасці з'яўляюцца часткай культуры. Папа прызнаўся, што яго самога натхняюць не столькі працэсы, колькі людзі і іх энтузіязм веры.

Напрыканцы Леў XIV нагадаў, што Юбілей павінен стаць часам сапраўднага навяртання праз уважлівае стаўленне да Божага Слова.
 

25 кастрычніка 2025, 09:50