Пошук

Дзяржсакратар на сустрэчы з нагоды 40-годдзя прызнання “Bambino Gesù” навуковым і лячэбным інстытутам Дзяржсакратар на сустрэчы з нагоды 40-годдзя прызнання “Bambino Gesù” навуковым і лячэбным інстытутам 

Паралін: хрысціянскае спачуванне выяўляецца ў клопаце пра хворых

Дзяржаўны сакратар выступіў на канферэнцыі, прысвечанай 40-годдзю прызнання педыятрычнага шпіталя “Bambino Gesù” Навуковым інстытутам шпіталізацыі і лячэння. Ён падкрэсліў, што даследаванні і лячэнне – дзве часткі адной місіі служэння жыццю.

Vatican News

28 кастрычніка 2025 года ў філіяле клінікі “Bambino Gesù” каля Базілікі святога Паўла па-за мурамі адбылася ўрачыстая сустрэча “Даследаванні на карысць лячэння”, у якой Святы Пасад прадставіў кардынал П’етра Паралін.

Дзяржсакратар адзначыў, што шпіталь заўсёды імкнецца прыняць усіх, асабліва калі яны паходзяць з месцаў, дзе пануюць беднасць і ўзброеныя канфлікты. Ён нагадаў пра дапамогу 31 маленькаму пацыенту з Палесціны, прынятаму на лячэнне ў клініку.

Навука і чалавечнасць ідуць разам

Кардынал Паралін нагадаў, што з моманту атрымання статусу навукова-даследчага інстытута ў 1985 годзе шпіталь прайшоў шлях “даследаванняў і клопату, прыхільнасці, інтэлекту і запалу”, на працягу якога навука і чалавечнасць ішлі побач, служачы дзецям і іх сем’ям.

Спачуванне ў лячэнні хворых

Кардынал Паралін нагадаў пра Апостальскую адгартацыю “Dilexi te”, у якой Леў XIV гаворыць, што хрысціянскае спачуванне выяўляецца найперш у клопаце пра хворых і тых, хто пакутуе. Гэты клопат – “не проста жэст дабрачыннасці, а касцёльная місія, праз якую Касцёл дакранаецца да цела Хрыста”. Менавіта гэтую “місію клопату” працягвае шпіталь “Bambino Gesù”.

Падчас выступлення кардынала Параліна на канферэнцыі “Даследаванні на карысць лячэння”
Падчас выступлення кардынала Параліна на канферэнцыі “Даследаванні на карысць лячэння”

Вынікі і дасягненні шпіталя

Дзяржсакратар падкрэсліў важнасць абмену ведамі, сумеснай працы ў камандзе і этычнага выкарыстання тэхналогій на карысць чалавецтва.

Сярод галоўных поспехаў шпіталя ён адзначыў першую ў Італіі дзіцячую трансплантацыю сэрца (1986 год) і першы выпадак геннай тэрапіі цвёрдых пухлін (2018 год). Новая лабараторыя геннай тэрапіі стане значным крокам у даследаваннях і лячэнні анкагематалагічныя і імуналагічных захворванняў у дзяцей.

Людзі, якія стаяць за дасягненнямі

Кардынал Паралін нагадаў, што за кожным медыцынскім поспехам стаяць людзі – урачы, даследчыкі, дзеці і сем’і, якія атрымалі надзею. Ён заклікаў не спыняцца перад цяжкасцямі, шукаць шлях там, дзе яго, здаецца, няма, як у евангельскай гісторыі пра аздараўленне паралізаванага.

Напрыканцы прамовы іерарх даручыў клініку заступніцтву святога П’ера Джорджа Фрасаці, звязанага з сям’ёй Сальвіяці, якая заснавала шпіталь у 1869 годзе.

Новая лабараторыя геннай тэрапіі педыятрычнага шпіталя “Bambino Gesù”
Новая лабараторыя геннай тэрапіі педыятрычнага шпіталя “Bambino Gesù”
29 кастрычніка 2025, 12:28