Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Першае Божае Нараджэнне Льва XIV: урачысты канцэрт у Ватыкане

У Ватыкане пройдзе святочны канцэрт пад кіраўніцтвам Рыкарда Муці. Падзея аб'яднае ўшанаванне новага Папы, уручэнне “Прэміі Ратцынгера” і клопат пра адукацыю дзяцей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У пятніцу, 12 снежня 2025 года, Зала Паўла VI напоўніцца гукамі высокай музыкі. У прысутнасці Святога Айца адбудзецца ўрачысты канцэрт, прымеркаваны да надыходзячага Божага Нараджэння.

Гэты вечар стане сімвалічным музычным падарункам Льву XIV на пачатку яго Пятровага служэння, бо гэта будзе першае Божае Нараджэнне, якое ён сустрэне ў якасці Пантыфіка.

Падзея задумана як асаблівая сустрэча для супольнасці, якая штодзённа працуе побач з Наступнікам Пятра: Рымскай Курыі, супрацоўнікаў дыкастэрый і ўсіх, хто служыць на карысць Святога Пасада.

Музычны дыялог пакаленняў

За дырыжорскі пульт стане славуты маэстра Рыкарда Муці. Праграма вечара абяцае быць вытанчанай: прагучыць “Імша на каранацыю Карла Х”, напісаная Луіджы Керубіні ў 1825 годзе. Выкананне твора даверана Маладзёжнаму аркестру імя Луіджы Керубіні, заснаванаму самім маэстра, а таксама хору катэдральнага сабора Сіены “Guido Chigi Saracini”.

Гэты вечар адзначыцца яшчэ адной знакавай падзеяй. Леў XIV уручыць Рыкарда Муці “Прэмію Ратцынгера” 2025 года. Гэтая высокае адзначэнне штогод прысуджаецца выбітным дзеячам культуры і мастацтва. Маэстра Муці, адзін з найвялікшых дырыжораў сучаснасці, меў цёплыя сяброўскія адносіны з Папам Бэнэдыктам XVI, які быў вялікім знаўцам і прыхільнікам яго творчасці.

Голас за тых, каго не чуюць

Аднак канцэрт не абмяжуецца толькі культурным вымярэннем. Святы Айцец, які з добразычлівасцю падтрымаў гэтую ініцыятыву, жадае прыцягнуць увагу да глабальнай адукацыйнай праблемы.

Гаворка ідзе пра катастрафічную сітуацыю з доступам дзяцей да ведаў: сёння ў свеце 60 мільёнаў дзяцей не наведваюць школу, а 160 мільёнаў падлеткаў пазбаўлены магчымасці атрымаць сярэднюю адукацыю.

Арганізатарам вечара выступіў Папскі фонд “Gravissimum Educationis” пры падтрымцы Дыкастэрыі па культуры і адукацыі, а галоўным партнёрам стала “Galileo Foundation”.

Такім чынам, прыгажосць музыкі паклікана стаць голасам салідарнасці і надзеі для мільёнаў дзяцей, якія чакаюць свайго шанцу на будучыню.
 

25 лістапада 2025, 11:09