Святы Пасад у Белене: памятаць пра чалавечы твар змены клімату
Марыя Валодзіна - Vatican News
17 лістапада 2025 года ў Белене распачалася другая фаза Канферэнцыі бакоў: пасля саміту кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў да ўдзелу ў кліматычным форуме далучыліся міністры навакольнага асяроддзя.
Прыярытэты Святога Пасада агучыў 18 лістапада кіраўнік дэлегацыі, арцыбіскуп Джамбатыста Дзікватра, Апостальскі нунцый у Бразіліі. Ён нагадаў словы Льва XIV, які ў сваім звароце да ўдзельнікаў канферэнцыі заклікае да “міжнароднага супрацоўніцтва і згуртаванай і дальнабачнай шматбаковасці, якая ставіць у цэнтр святасць жыцця, дадзеную Богам годнасць кожнага чалавека і агульнае дабро".
Прадстаўнік Святога Пасада вылучыў чатыры галоўныя прыярытэты. Па-першае, неабходна ўмацоўваць мультылатэралізм. Змена клімату не ведае меж і таму патрабуе супольных намаганняў. Толькі шматбаковасць можа забяспечыць "павагу да годнасці чалавека такім чынам, каб этыка пераважала над мясцовымі або выпадковымі інтарэсамі", - працытаваў ён адгартацыю Францішка “Laudate Deum”, якая выйшла напярэдадні саміта COP28 у Дубаі.
Па-другое, неабходны энергетычны пераход. У 2023 годзе ў Дубаі бакі пагадзіліся на паступовую адмову ад выкапнёвага паліва. Святы Пасад падтрымлівае энергетычную трансфармацыю, пры ўмове, што яна будзе ажыццяўляцца справядліва і раўнапраўна, "улічваючы, што наступствы змены клімату ў першую чаргу закранаюць найбяднейшыя і найбольш уразлівыя слаі насельніцтва".
Па-трэцяе, трэба звярнуць увагу на “чалавечы твар кліматычнага крызісу”. Прадстаўнік Святога Пасада выказаў спадзяванне, што План дзеянняў ААН па гендарных пытаннях прызнае непрапарцыйна моцны ўплыў змены клімату на жанчын і дзяўчат, асабліва на глабальным Поўдні, а таксама іх важную ролю ў барацьбе з ёй. Важна пакінуць у баку эгаістычныя інтарэсы і шукаць агульную мову і кансэнсус, памятаючы пра адказнасць адзін за аднаго і за будучыя пакаленні, - адзначыў дыпламат.
Нарэшце, недастаткова адных толькі эканамічных і аператыўных рэсурсаў – неабходная якасная экалагічная адукацыя. "Мы не зможам дасягнуць мэт Парыжскага пагаднення, калі палітычныя і тэхнічныя рашэнні не будуць суправаджацца адукацыйным працэсам, які прапануе новы, устойлівы лад жыцця і клопат пра стварэнне", - сказаў арцыбіскуп Дзікватра, вітаючы ўключэнне адукацыйных кампанентаў у нацыянальныя кліматычныя абавязацельствы дзяржаў-удзельніц канферэнцыі ў Белене.
Сваю прамову ватыканскі дыпламат завяршыў заклікам вярнуцца да сэрца, бо менавіта ў ім нараджаецца сапраўднае экалагічнае навяртанне.