Арцыбіскуп Руса: нашы дыпламаты – гэта пастыры, а не чыноўнікі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас Юбілею дыпламатычнага персаналу, які праходзіць у Ватыкане, арцыбіскуп Лучана Руса, сакратар Секцыі па справах дыпламатычнага персаналу Дзяржсакратарыята, у інтэрв’ю ватыканскім СМІ акрэсліў сапраўдную ідэнтычнасць папскіх прадстаўнікоў.
На наступны дзень пасля аўдыенцыі ў Папы Льва XIV ён падкрэсліў, што ў аснове кожнага іх дзеяння ляжыць “пастырскі позірк”, а не проста выкананне службовых абавязкаў.
Пастыр і дыпламат: адзінства паклікання
Арцыбіскуп Руса патлумачыў, што святарскае і дыпламатычнае вымярэнні ў іх служэнні непадзельныя. “Мы не з’яўляемся святарамі ў адным кантэксце і дыпламатамі ў іншым: у кожнай сітуацыі мы застаемся пастырамі”, - сказаў ён. Пастырскі дух – гэта не “набожны дадатак”, а тое, што надае сэнс усёй працы. Калі гэты дух губляецца, дыпламат ператвараецца ў звычайнага функцыянера.
На практыцы гэта азначае, што дзень папскага прадстаўніка пачынаецца і заканчваецца як у святара: з Эўхарыстыі, малітвы і слухання Божага слова.
“Кожнае дасье, кожная вербальная нота ці кожныя перамовы рыхтуюцца з пастырскім позіркам: мы заўсёды шукаем міру, абароны найбольш уразлівых, рэлігійнай свабоды, годнасці кожнага чалавека, а не інтарэсаў нейкай дзяржавы”, - падкрэсліў іерарх.
Супрацоўніцтва і падрыхтоўка: умовы плённага служэння
Па словах арцыбіскупа Руса, для плённага служэння неабходны тры важныя ўстаноўкі: пачуццё братэрства, унутраная гатоўнасць вучыцца ў рэчаіснасці і давер да Пана.
Акрамя таго, ключавую ролю адыгрывае супрацоўніцтва. Гэта не проста чалавечая каштоўнасць, а “аперацыйная ўмова”. Нунцыятура можа добра выконваць сваю місію толькі тады, калі ўсе – ад кіраўніка місіі да свецкага персаналу – адказна ўдзельнічаюць у супольнай працы. Гэта стварае атмасферу даверу і дазваляе прадстаўніцтву выступаць адзіным і годным даверу голасам.
Закранаючы тэму рэформы Папскай касцельнай акадэміі, што рыхтуе дыпперсанал Святога Пасада, распачатай яшчэ Папам Францішкам, арцыбіскуп адзначыў, што яе мэта – рыхтаваць не проста экспертаў, а святароў, здольных спалучаць прафесійную кампетэнтнасць з евангельскім позіркам.
Акрамя ведаў у галіне права, гісторыі і эканомікі, будучы дыпламат павінен валодаць такімі якасцямі, як блізкасць, уважлівае слуханне, здольнасць да распазнавання, пакора і лагоднасць.
“Мы фарміруем не проста функцыянераў, а пастыраў, якія праз дыпламатыю служаць еднасці Касцёла і міру паміж народамі”, - падсумаваў арцыбіскуп Руса.