Пошук

Зямля і Месяц Зямля і Месяц 

Космас і чалавецтва на раздарожжы: новы рубеж агульнага дабра

З нагоды запуску ў космас новай місіі “Артэміда II” Фонд “Caritas in Veritate” апублікаваў відэаролік з разважаннямі пра асваенне касмічнай прасторы і прынцыпы, якія павінны вызначаць адносіны чалавека з космасам.

Марыя Валодзіна - Vatican News

1 красавіка 2026 года з касмадрома імя Кенэдзі ў Фларыдзе стартуе місія “Артэміда II” – другая ў рамках месяцовай праграмы НАСА і першая з экіпажам на борце. Чатыры астранаўты здзейсняць палёт па-за межы зямной арбіты і абляцяць вакол Месяца. Гэта важны этап перад місіяй “Артэміда III”, якая павінна зноў высадзіць чалавека на паверхню Месяца праз 53 гады пасля першай місіі “Апалона 17”.

У апошнія гады космас усё часцей становіцца прадметам дыскусій у ААН. Імклівы рост колькасці спадарожнікаў на арбіце сведчыць аб тым, што касмічная прастора стала ключавым элементам геапалітыкі, бяспекі і міжнародных адносін.

Каб асэнсаваць значэнне касмічных місій, фонд “Caritas in Veritate”, які ўзначальвае арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, падрыхтаваў відэафільм, ідэя якога засноўваецца на публікацыі “Космас і чалавецтва на раздарожжы: новы рубеж агульнага дабра”. У ім сінтэзуюцца погляды навукі, тэалогіі і міжнароднага права, каб адказаць на пытанне: якімі прынцыпамі павінны рэгулявацца адносіны людзей і космасу.

Відэафільм "Космас і чалавецтва на раздарожжы: разважанні пра новы рубеж агульнага дабра
Відэафільм "Космас і чалавецтва на раздарожжы: разважанні пра новы рубеж агульнага дабра

У інтэрв’ю “Vatican News” арцыбіскуп Балестрэра падкрэсліў, што чалавецтва ўжо прымае рашэнні аб космасе, якія акажуць доўгатэрміновы ўплыў і могуць спрыяць пабудове або знішчэнню чалавецтва. Таму Касцёл не можа заставацца ўбаку. Космас – гэта не “нічыйная тэрыторыя” і не поле для бескантрольнага заваявання, у якім дзейнічае прынцып “хто першым прыйшоў, першым атрымаў”, - папярэдзіў іерарх.

Арцыбіскуп Балестрэра звярнуў увагу на неабходнасць таго, каб космас заставаўся агульным дабром з выразнымі юрыдычнымі нормамі, якія пры неабходнасці абнаўляюцца з пачуццём адказнасці перад усім чалавецтвам і будучымі пакаленнямі.

Падчас нядаўняй прэзентацыі ў Жэневе прагучала ўражальнае сведчанне астранаўта Майкла Хопкінса, які амаль год правёў на борце Міжнароднай касмічнай станцыі. Ён распавёў пра так званы “эфект змены перспектывы” (“overview effect”), які адчуваюць астранаўты, назіраючы Зямлю з космасу: планета паўстае маленькай, уразлівай, без меж і падзелаў, агульнай для ўсяго чалавецтва. Гэты погляд рэзка кантрастуе з рэальнасцю войнаў, злоўжыванняў і насілля, якія адбываюцца на Зямлі, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат.

Амерыканскі астранаўт Майкл Скот Хопкінс
Амерыканскі астранаўт Майкл Скот Хопкінс

Першым практычным крокам, які прапануе Святы Пасад, з’яўляецца выкананне Дагавора аб адкрытым космасе, прынятага ў 1967 годзе, які вызначае космас як агульнае дабро чалавецтва і забараняе размяшчэнне ў ім ядзернай зброі і іншай зброі масавага знішчэння. Аднак сучасныя выклікі, такія як кібератакі, блакіроўка радыёсігналаў і мілітарызацыя, патрабуюць умацавання гэтых норм, - нагадаў прадстаўнік Святога Пасада.

Арцыбіскуп Балестрэра папярэдзіў, што вайна ў космасе не можа быць выйграная і ніколі не павінна быць пачатая, бо яна не пашкадуе нікога на Зямлі. Таму шмат галасоў, у тым ліку і Святы Пасад заклікаюць да ўмацавання норм, празрыстасці, а таксама шматбаковага супрацоўніцтва для мірнага выкарыстання космасу.

На думку дыпламата, канкурэнцыя ў касмічнай сферы можа стаць рухавіком прагрэсу, калі яна спалучаецца з супрацоўніцтвам. Здаровая канкурэнцыя і супрацоўніцтва дазваляюць выкарыстоўваць касмічныя тэхналогіі для гуманітарнай дапамогі, прагнозу надвор'я, сувязі, развіцця сельскай гаспадаркі, медыцыны і транспарту. Іерарх падкрэсліў, што навука і вера не супярэчаць адна адной, паколькі навука шукае навуковыя ісціны, а вера – звышнатуральную ісціну, ісціну пра Бога, якая асвятляе шлях чалавека, накіроўваючы чалавечую дзейнасць у бок агульнага дабра.

Святы Пасад імкнецца адыгрываць актыўную ролю ў міжнародных дыскусіях, прысвечаных космасу. Яго роля – нагадваць пра маральныя каштоўнасці, годнасць чалавека і агульную адказнасць, бо космас з’яўляецца агульным дабром для ўсяго чалавецтва. Той факт, што Святы Пасад валодае адной з найстарэйшых астранамічных абсерваторый, сведчыць аб тым, што Касцёл не супрацьстаіць навуцы, а наадварот – падтрымлівае і развівае яе ўсімі магчымымі сродкамі, - нагадаў арцыбіскуп Балестрэра.

Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра падчас прэзентацыі ў Жэневе
Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра падчас прэзентацыі ў Жэневе
01 красавіка 2026, 10:07