Вялікая пятніца ў Ватыкане: Крыж спыняе зло
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Вялікую пятніцу, 3 красавіка 2026 года, падчас літургіі Мукі Пана ў ватыканскай базіліцы, прапаведнік Папскага дому айцец Раберта Пазаліні прапанаваў глыбокае разважанне над постаццю Слугі Пана з прароцтва Ісаі.
Паводле яго слоў, Крыж нельга зразумець як ізаляваную падзею; ён з'яўляецца найвышэйшым пунктам шляху Езуса, які навучыўся прымаць волю Айца як таямнічую “партытуру” збаўлення.
Аналізуючы чатыры “песні” Слугі Пана, прапаведнік адзначыў, што місія Езуса разгортвалася праз выпрабаванні, якія добра знаёмыя кожнаму чалавеку: пачуццё марнасці ўласных намаганняў, сутыкненне з варожасцю тых, каму хочаш дапамагчы, і, нарэшце, фізічнае знявечанне ад насілля. Айцец Пазаліні падкрэсліў, што Езус не проста слухаў гэтыя прароцтвы, але ўвасобіў іх, пераўтварыўшы сваё ўкрыжаванне ў падзею збаўлення праз адмову вяртаць зло тым, хто яго прычыняе.
У сучасным свеце, дзе голас Бога часта губляецца сярод абяцанняў дабрабыту і прагрэсу, а войны і несправядлівасць становяцца звычайнай з'явай, Касцёл бачыць “маўклівую грамаду” людзей, якія выбіраюць іншы шлях. Гэта мужчыны і жанчыны, якія, як Слуга Пана, нясуць чужыя цяжары і не дазваляюць злу сказаць апошняе слова ў гісторыі.
Айцец Раберта Пазаліні звярнуў увагу на тое, што ўсе вернікі падчас адарацыі Крыжа закліканы “скласці зброю”, якую кожны трымае ў сваіх руках. Гаворка ідзе не толькі пра глабальныя канфлікты, але і пра тыя інструменты разбурэння, якія выкарыстоўваюцца ў штодзённых адносінах – крыўды, гнеў і жаданне пакараць вінаватага.
На заканчэнне прапаведнік заклікаў хрысціян з поўным даверам наблізіцца да Крыжа, які з'яўляецца тронам сапраўднага валадарства – валадарства служэння. Ён нагадаў, што менавіта праз цярплівасць у выпрабаваннях і веру ў дабро, нават калі цемра паглынае ўсё вакол, вернікі становяцца тымі слугамі, праз якіх Пан прыносіць збаўленне сучаснаму параненаму свету.