Кардынал Кох пра армянскае пакутніцтва як шлях да адзінства
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас экуменічнага набажэнства ў рымскай Базіліцы Святога Барталамея было зачытана пасланне прэфекта Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.
Кардынал Курт Кох падкрэсліў, што памяць пра "Медз Егерн" – "Вялікае няшчасце" армянскага народа – гэта не проста ўспамін пра мінулае, але зварот да самога сэрца хрысціянства. Паводле яго слоў, пакутніцтва дазваляе Касцёлу цалкам атаясамлівацца з Хрыстом – найвышэйшым Сведкам Божай любові.
Кардынал нагадаў, што менавіта пакутніцтва з’яўляецца цэнтральнай падзеяй, у якой хрысціяне розных канфесій сустракаюцца ў супольным сведчанні.
Нягледзячы на канец эпохі вялікіх дыктатур, кардынал Кох папярэдзіў, што ў некаторых частках свету пераслед хрысціян стаў нават больш жорсткім. Аднак, як лічылі вернікі першых стагоддзяў, кроў ахвяр застаецца насеннем. Сённяшнія пакутнікі закліканы стаць прадвеснікамі будучай камуніі "адзінага Цела Хрыста", параненага шматлікімі падзеламі.