Святы Пасад: дакумент аб інтэгральнай экалогіі ў жыцці сям’і
Ян Глінскі
“Сям’я, як асноўная частка грамадства, можа стаць рухаючай сілай глыбокіх культурных перамен”, - лічаць аўтары дакумента. Выданне ўтрымлівае парады адносна клопату пра стварэнне і абарону чалавечага жыцця, адрасаваныя, у першую чаргу, сем’ям.
У распрацоўцы дакумента ўдзельнічалі тэолагі, кансультанты і сужэнствы. Ён грунтуецца на паслясінадальнай адгартацыі “Amoris Laetitia” і энцыкліцы “Laudato si’”, напісаных Францішкам, а таксама на прамовах Льва XIV.
Прэфекты абедзвюх дыкастэрый, кардыналы Майкл Чэрны і Кэвін Джозэф Фарэл, указалі на фундаментальнае значэнне сем’яў у перадачы ведаў пра важнасць клопату пра наш супольны дом і пра кожнага чалавека.
“У сям’і яе члены вучацца самаахвярнасці, цярплівасці і адданасці, вучацца прымаць і падтрымліваць жыццё, каб яно магло ў паўнаце квітнець, а таксама праяўляць салідарнасць да іншых сем’яў і перадаваць традыцыі”, - дадалі яны.
У аснове тэматычных раздзелаў дакумента – сем мэт, пералічаных Францішкам у энцыкліцы “Laudato si’”: прыслухоўвацца да стогну Зямлі, воклічу бедных і ўразлівых, прымаць і прасоўваць экалагічную эканоміку, перайсці да экалагічнага ладу жыцця, развіваць інтэгральную экалогію і адукацыю, спрыяць экалагічнай духоўнасці ў сям’і і ўдзелу сем’яў у жыцці грамадства.
Кардыналы Чэрны і Фарэл падкрэслілі, што дакумент можа быць карысным не толькі сем’ям. “Кожны можа знайсці ў ім парады і заахвочванне да паляпшэння сваіх адносін з прыродным асяроддзем, для ўдзелу ў імкненні да больш справядлівага свету, у якім паважаюцца і абараняюцца стварэнне і чалавечая годнасць”, - нагадалі іерархі.