Папа ўхваліў новыя дэкрэты Дыкастэрыі па справах кананізацыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Першы дакумент датычыцца прызнання цуду, які адбыўся дзякуючы малітве праз заступніцтва ліванскага мараніцкага іерарха Ільяса Хоека (1843–1931), Патрыярха Антыёхіі, заснавальніка кангрэгацыі Сясцёр-маранітак Святой Сям’і.
У другім дэкрэце гаворка ідзе пра прызнанне мучаніцтва ксяндза Франсіска Гансалеса дэ Кордавы і 79 паплечнікаў – святароў, манахаў, семінарыстаў і свецкіх вернікаў, забітых у 1936-1937 гадах з нянавісці да веры на тэрыторыі дыяцэзіі Сантандэр у Іспаніі падчас антырэлігійнага пераследу ў кантэксце грамадзянскай вайны.
Наступныя дэкрэты датычаць прызнання гераічнасці цнотаў чатырох Слугаў Божых: італьянскага салезіяніна, ксяндза Кастанціна Вендрамэ (1893–1957), які завяршыў свой зямны шлях у Індыі; італьянскага капуцына, айца Назарэна з Пулы (свецкае імя Джавані Дзука, 1911–1992); іспанскай манахіні Марыі Аны Альбердзі Эчэсарэта (свецкае імя Марыя дэла Кансепсьён Крус, 1912–1998), абатысы кляштара Ордэна Беззаганнага Зачацця ў Мадрыдзе; а таксама камерунскага кармеліта босага Жана-Цьеры ад Дзіцятка Езуса і Мукі (свецкае імя Жан-Цьеры Эбаго, 1982-2006).