Хрысціянска-мусульманскі форум у Рыме: адказаць на боль свету
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэтая двухдзённая сустрэча ў Ватыкане сабрала прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы і дэлегацыю з Іарданіі, якую ўзначальвае прынц Эль-Хасан бін Талал.
Адкрываючы форум, прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу кардынал Джордж Коавакад адзначыў, што ў часы глыбокіх грамадскіх разломаў менавіта клопат пра тых, хто пакутуе, застаецца тым падмуркам, на якім будуецца сувязь паміж рэлігіямі. Паводле іерарха, павага да чалавечай годнасці – гэта ўніверсальная мова, зразумелая кожнаму сэрцу.
Кардынал Коавакад звярнуўся да думак Папы Францішка, выкладзеных у энцыкліцы "Fratelli tutti". Пантыфік з горкасцю канстатуе, што пры ўсім тэхнічным прагрэсе сучаснае грамадства застаецца непісьменным у майстэрстве падтрымкі самых безабаронных.
Асаблівую ўвагу ў сваім звароце кардынал удзяліў сугучнасці гэтых ідэй з ісламскай думкай. Ён падкрэсліў значэнне паняцця "ra’fa", якое ў ісламе азначае дзейсную, пяшчотную форму спагады. У гэтым кантэксце міласціна ці абавязковыя рэлігійныя ахвяраванні разглядаюцца не як фармальнасць, а як шлях да этычнай праўды і духоўнага ўзыходжання. Такім чынам, сустрэча з бедным становіцца для верніка магчымасцю сустрэцца з Богам.
У канцы сваёй інаўгурацыйнай прамовы, прадстаўнік Святога Пасада заклікаў прысутных успрымаць спагаду не як хвілінную эмоцыю, а як сумесную адказнасць. У свеце, дзе пакуты часта ігнаруюцца, хрысціяне і мусульмане маюць агульны імператыў – не адварочвацца ад чалавечага болю.