Новыя ватыканскія маркі прысвечаны Папу і хрысціянскай Еўропе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ватыканскі Філатэлістычна-нумізматычны аддзел падрыхтаваў адмысловы філатэлістычны выпуск, прымеркаваны да знакавых падзей 2026 года.
Цэнтральнае месца займае марка, прысвечаная першай гадавіне абрання на Пасад Пятра Папы Льва XIV. Гэтая дата, 8 мая, супадае з днём малітвы да Маці Божай Ружанцовай з Пампеяў, што знайшло адлюстраванне ў мастацкім рашэнні.
Яшчэ адна важная тэма выпуску – 40-я гадавіна энцыклікі "Dominum et Vivificantem", апублікаванай святым Янам Паўлам II у 1986 годзе. На паштовым блоку змешчана рэпрадукцыя фрэскі Гвіда Рэні з выявай Спаслання Духа Святога, якая захоўваецца ў залі Дам у Ватыканскіх музеях. Графічныя элементы перадаюць энергію і рух, сугучныя з пасланнем аб Жыватворным Духу.
Еўрапейскі кантэкст прадстаўлены маркай да 70-годдзя ініцыятывы "Europa Stamp". Гэты выпуск падкрэслівае важнасць супрацоўніцтва паміж паштовымі структурамі Еўропы, якое на працягу сямі дзесяцігоддзяў спрыяла дыялогу паміж народамі і распаўсюджванню агульных каштоўнасцей.
Асобнае месца ў серыі займае памяць аб святым Жэрары Маела. Марка вартасцю 1,30 еўра, заснаваная на творы Джавані Батысты Гальярдзі, адзначае 300-годдзе з дня нараджэння гэтага рэдэмптарыста, вядомага сваёй паслухмянасцю і любоўю да бліжніх.
Акрамя марак, да 104-га Дня нямецкіх католікаў у Вюрцбургу распрацаваны штэмпель з выявай цэнтральнай часткі Крыжа святога Патрыка.
Усе філатэлістычныя матэрыялы будуць даступныя для гашэння да 30 чэрвеня 2026 года.