Пошук

Ватыканская прэзентацыя энцыклікі Льва XIV "Magnifica humanitas" Ватыканская прэзентацыя энцыклікі Льва XIV "Magnifica humanitas"  (@Vatican Media)

Ватыканская прэзентацыя энцыклікі Льва XIV

У Ватыкане прайшла прэзентацыя энцыклікі "Magnifica humanitas". Дакумент прысвечаны выклікам штучнага інтэлекту і абароне годнасці чалавека ў сучасную лічбавую эпоху.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

25 мая 2026 года ў ватыканскай Сінадальнай зале з удзелам Папы Льва XIV адбылося прадстаўленне яго новай энцыклікі "Magnifica humanitas".

Адкрываючы сустрэчу, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін падкрэсліў, што дакумент з’яўляецца адказам Касцёла на адзін з найважнейшых выклікаў сучаснасці. Ён правёў паралель з энцыклікай "Rerum novarum", адзначыўшы, што калі 135 гадоў таму Леў XIII звяртаў увагу на сацыяльныя наступствы індустрыялізацыі, то сёння Касцёл закліканы распазнаць "res novae" гісторыі ў святле лічбавых тэхналогій.

Гісторыя паўтараецца: як калісьці індустрыяльная рэвалюцыя, сёння лічбавы свет патрабуе новага маральнага прачытання і клопату пра супольнае дабро.

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння кардынал Віктар Мануэль Фернандэс засяродзіўся на духоўным вымярэнні дакумента. Ён адзначыў, што Папа называе чалавецтва "цудоўным", нягледзячы на яго здольнасць да зла.

Энцыкліка крытыкуе ідэі постгуманізму і трансгуманізму, якія абяцаюць шчасце праз пераадоленне чалавечых абмежаванняў. "Абмежаванні, пакуты і хрупкасць – гэта не проста недахоп; менавіта дзякуючы ім чалавек сталее, вучыцца спачуванню і любові", - патлумачыў аргенцінскі кардынал, дадаючы, што сапраўднае пераўтварэнне асобы адбываецца праз Божую ласку, а не праз тэхніку.

Ватыканская прэзентацыя энцыклікі Льва XIV
Ватыканская прэзентацыя энцыклікі Льва XIV   (@Vatican Media)

Прафесар Ганна Роўлендс звярнула ўвагу на небяспеку тэхнакратычнай парадыгмы, якая ацэньвае чалавека паводле яго карыснасці. Яна нагадала, што энцыкліка перасцерагае ад засяроджвання ўлады ў руках нешматлікіх прыватных суб’ектаў. На яе думку, "Magnifica humanitas" прапануе новы сінтэз сацыяльнага вучэння Касцёла, дзе ў цэнтры знаходзіцца інтэгральны гуманізм. "Нас не выратуе ні рынак, ні дзяржава, ні штучны інтэлект", - падкрэсліла даследчыца, заклікаючы да будаўніцтва "цывілізацыі любові".

Тэхналогіі не з’яўляюцца нейтральнымі – яны нясуць у сабе пэўную культуру і фарміруюць маральную архітэктуру нашага жыцця.

Прадстаўнік тэхналагічнага свету Крыстафер Олах, сузаснавальнік кампаніі "Anthropic", пагадзіўся з неабходнасцю незалежнай маральнай рэфлексіі над развіццём штучнага інтэлекту. Ён вылучыў тры ключавыя праблемы: рызыку сацыяльнага выключэння цэлых краін, уплыў алгарытмаў на сям’ю і адукацыю, а таксама непрадказальнасць саміх мадэляў штучнага інтэлекту. Паводле яго слоў, пытанні тэхналогій сёння належаць не толькі праграмістам, але і ўсяму грамадству, філасофіі і рэлігіі.

Крыстафер Олах, сузаснавальнік кампаніі "Anthropic"
Крыстафер Олах, сузаснавальнік кампаніі "Anthropic"   (@Vatican Media)

Прафесар Леакадзі Лушомба ў сваю чаргу прадставіла чатыры папярэджанні Папы: аб абароне праўды, якую немагчыма знайсці ў машынах; аб захаванні ўнутранай свабоды; аб пагрозе крызісу даверу ў грамадстве і аб абароне правоў рабочых.

Эксперт падкрэсліла, што машыны не маюць сумлення і не могуць разумець такіх паняццяў, як любоў ці адказнасць, бо не маюць цела і жывога досведу.

Кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі спрыяння інтэгральнаму развіццю чалавека, завяршыў прэзентацыю думкай пра сумленне як "санктуарый чалавека". Ён адзначыў, што лічбавая трансфармацыя з’яўляецца таксама экалагічным пытаннем, бо патрабуе каласальных энергетычных рэсурсаў.

Падчас ватыканскай прэзентацыі
Падчас ватыканскай прэзентацыі   (@Vatican Media)

У заключным слове кардынал Паралін падсумаваў: будучыня тэхналогій залежыць ад чалавечай адказнасці. Ён заклікаў да выхавання сумлення людзей, здольных карыстацца магутнымі інструментамі, не стаючыся іх рабамі.
 

25 мая 2026, 14:04