Фернандэс: вайна не можа быць нормай міжнароднай палітыкі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі веравучэння выступіў з дакладам перад дыскусіямі ў групах, якія прайшлі ў другой палове дня 26 чэрвеня 2026 года ў рамках надзвычайнага кансісторыя ў Ватыкане.
Кардынал Фернандэс заўважыў, што ў свеце распаўсюджваецца “культура ўлады” – калі моцныя краіны і лідары навязваюць сваю волю, а людзі прызвычайваюцца да гвалту і становяцца пасіўнымі і абыякавымі. Ён падкрэсліў, што сучасныя тэхналогіі і нават штучны інтэлект могуць яшчэ больш узмацняць гэтую праблему.
Іерарх адзначыў, што сёння нават прынцыпы сацыяльнага вучэння Касцёла часам выкарыстоўваюцца, каб апраўдваць войны замест таго, каб іх спыняць. У прыватнасці, ён нагадаў, што паняцце законнай абароны выкарыстоўваецца ў так званых “прэвентыўных войнах”.
Кардынал падкрэсліў, што, паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, законная абарона мае выразныя межы: яна павінна быць прапарцыянальнай нападу і не можа працягвацца бясконца. “Знішчэнне цэлых гарадоў нельга лічыць прапарцыянальнымі абарончымі дзеяннямі”, - сцвердзіў ватыканскі іерарх, згадаўшы пра сітуацыю на Блізкім Усходзе і ва Украіне.
Прэфект Дыкастэрыі веравучэння таксама згадаў пра ігнараванне нормаў міжнароднага гуманітарнага права і вяртанне да ўспрымання вайны як інструмента міжнароднай палітыкі.
“Прэвентыўныя войны вядуцца з аднабаковай спасылкай на магчымыя – але не даказаныя – падрыхтоўчыя агрэсіўныя дзеянні з боку іншых”, - нагадаў кардынал Фернандэс, заклікаючы да пераасэнсавання паняццяў законнай абароны і справядлівай вайны.