Святы Пасад: актывізаваць падтрымку найменш развітых краін
Марыя Валодзіна - Vatican News
Мансеньёр Марка Фарміка агучыў пазіцыю Святога Пасада на пасяджэнні Палітычнага форума высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці, які служыць галоўнай пляцоўкай ААН для маніторынгу Мэт устойлівага развіцця. Дыскусія прайшла 8 ліпеня 2026 года ў Нью-Ёрку і была прысвечаная пошуку шляхоў паскарэння рэалізацыі гэтых Мэт ў краінах Афрыкі; найменш развітых краінах; краінах, якія не маюць выхаду да мора; і краінах з сярэднім узроўнем даходу.
Прадстаўнік Святога Пасада назваў беднасць, асабліва галечу, найбольш значным глабальным выклікам, які працягвае пазбаўляць мільёны людзей, асабліва жанчын і дзяцей, доступу да належнага харчавання, чыстай вады, аховы здароўя, адукацыі і годнай працы. Беднасць ўяўляе сабой сур'ёзную абразу годнасці, дадзенай чалавеку Богам.
Ватыканскі дыпламат нагадаў словы Льва XIV, які заклікаў не аслабляць пільнасці, калі гаворка ідзе пра беднасць. Выкараненне галечы павінна заставацца безумоўным прыярытэтам, бо без гэтага немагчыма дасягнуць устойлівага развіцця, - заўважыў ён.
Мансеньёр Фарміка падкрэсліў, што падтрымка краін Афрыкі, найменш развітых краін, краін без выхаду да мора і краін з сярэднім узроўнем даходу павінна выходзіць за рамкі кароткатэрміновых мер і быць скіраванай на пераадоленне структурных перашкод, якія стрымліваюць устойлівае развіццё. Сярод прапанаваных крокаў ён назваў пашырэнне доступу да ільготнага фінансавання, прасоўванне больш справядлівых гандлёвых сістэм, перадачу тэхналогій і палягчэнне даўгавога цяжару.
Для паскарэння прагрэсу неабходна таксама ўлічваць унікальныя асаблівасці гэтых дзяржаў. Геаграфічныя абмежаванні, кліматычныя змены і недастаткова развітая інфраструктура яшчэ больш паглыбляюць няроўнасць, - нагадаў дыпламат.
Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў жыццёва важную ролю сям'і як асноўнай адзінкі грамадства, "першаснага сацыяльнага дабра " і найважнейшай крыніцы жыццястойкасці. Дзяржаўная палітыка, якая ўмацоўвае сям’ю, спрыяе сацыяльнай стабільнасці, усебаковаму развіццю чалавека і выкараненню галечы. Інвестыцыі ў сямейную палітыку і яе падтрымка на нацыянальным і міжнародным узроўнях маюць важнае значэнне для забеспячэння росквіту ўсіх людзей, выкаранення галечы і дасягнення ўсебаковага развіцця чалавечага патэнцыялу, - заключыў мансеньёр Фарміка.