Паўднёвы Судан: жывая прыпавесць пра Божае Нараджэнне
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Нягледзячы на перамір’е паміж бакамі грамадзянскага канфлікту, гвалт у Паўднёвым Судане не спыняецца. Да нядаўніх нападаў на медыцынскія ўстановы і дзіцячы садок у Аль-Ханане, у выніку якіх загінулі 120 чалавек, у тым ліку 63 дзіцяці, у мінулыя выходныя дадаўся ўдар беспілотнікам па буйным нафтасховішчы, якое кантралюецца паўстанцамі, што прывяло да новых ахвяр і абвастрэння сітуацыі. “У гэтым канфлікце няма павагі да чалавечага жыцця”, - заўважыў у інтэрв’ю “Vatican News” біскуп Крысціян Карласарэ, пастыр мясцовай дыяцэзіі Бенціу.
Мара пра блізкасць і братэрства
“Божае Нараджэнне – гэта свята блізкасці і братэрства. Гэта мара ўсіх маіх дваццаці гадоў, праведзеных побач з народам Паўднёвага Судана. Як місіянер, я бачыў святло і цені. Я быў сведкам таго, як надзея і крыж пераплятаюцца ў гісторыі гэтага народа, любімага Богам. Я падзяляў радасць мірнага пагаднення 2005 года і мару аб незалежнай краіне ў 2011 годзе. Але я таксама быў сведкам глыбокіх ран, выкліканых унутраным канфліктам, які падзяліў людзей і разарваў грамадства, прымусіў мільёны людзей уцякаць, штурхнуў іх у галечу, пазбавіў самага неабходнага і параніў годнасць кожнага чалавека. І ўсё ж, менавіта там, пасярод руін канфлікту, Евангелле нагадала мне, што надзея ніколі не з’яўляецца ілюзіяй: гэта ўпартае зерне, здольнае прарасці нават на закамянелай глебе”, - сказаў іерарх.
Беднасць – не праклён, а стымул для салідарнасці
Біскуп Карласарэ з’яўляецца членам кангрэгацыі Місіянераў Камбаніянаў Святога Сэрца. У сваім служэнні ён натхняецца прыкладам заснавальніка гэтай супольнасці, святога Даніэля Камбоні, які ніколі не сумняваўся ў сэнсе місіі, якую многія лічылі немагчымай. “Мы ўсё яшчэ верым у свет, у якім ніхто не адкінуты, у якім жыццё паважаецца, а беднасць – гэта не праклён, а стымул для салідарнасці і будавання братэрскага грамадства”, - сказаў ён.
Іерарх прызнаўся, што марыць убачыць Паўднёвы Судан краінай, дзе “дзеці могуць гуляць без страху, дзе моладзь можа хадзіць у школу, а дзяўчынка мае больш шанцаў атрымаць дыплом аб адукацыі, чым памерці падчас родаў”. Ён падзяліўся жаданнем, каб прыродныя рэсурсы Паўднёвага Судана перасталі сілкаваць несправядлівасць, а спрыялі развіццю краіны; каб яе жыхары маглі працаваць і годна жыць, а не залежаць ад гуманітарнай дапамогі.
Жывая прыпавесць пра Божае Нараджэнне
“Паўднёвы Судан, маладая і параненая краіна – гэта жывая прыпавесць пра Божае Нараджэнне. Там, дзе гвалт, беднасць і падзелы, здаецца, душаць надзею, нараджэнне Божага Сына працягвае адкрывацца як самы радыкальны знак блізкасці Бога. Бог вырашае прыйсці ў свет, дзе чалавецтва стогне і чакае. Бог выбірае шлях беднасці, каб адкрыць нам сапраўднае багацце”, - сказаў біскуп Карласарэ.
Па словах іерарха, адзіным сапраўдным багаццем з’яўляецца Божая любоў, а ў Паўднёвым Судане мы можам бачыць, як яна злучае тое, што раздзіраюць людзі, лечыць тое, што раняць людзі, і ўзвышае тое, што людзі топчуць.