Пошук

Ахвяры злоўжыванняў пасля сустрэчы з Папам: мы адчулі сябе пачутымі

Леў XIV сустрэўся з прадстаўнікамі міжнароднай праваабарончай арганізацыі, якая дапамагае ахвярам злоўжыванняў. Удзельнікі аўдыенцыі заявілі, што адчулі сябе пачутымі і спадзяюцца, што гэта пачатак доўгатэрміновага супрацоўніцтва.

Vatican News

У прыватнай сустрэчы, якая прайшла ў Апостальскім палацы і доўжылася каля гадзіны, прынялі ўдзел шэсць прадстаўнікоў арганізацыі ECA Global з Канады, ЗША, Германіі, Уганды і Аргенціны. Па словах удзельнікаў, сустрэча стала “гістарычным і поўным надзеі крокам” да больш глыбокага супрацоўніцтва паміж Касцёлам і ахвярамі злоўжыванняў.

Леў XIV праявіў цеплыню і адкрытасць, уважліва выслухаў сведчанні і разважанні кожнага актывіста. Напачатку аўдыенцыі група зачытала сумесную заяву і прадставіла Святому Айцу сваю “Ініцыятыву нулявой цярпімасці”, падкрэсліўшы “важнасць паслядоўных глабальных стандартаў і палітыкі, арыентаванай на ахвяр злоўжыванняў”.

Абмяркоўвалі таксама працу Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, якая на мінулым тыдні прадставіла сваю другую гадавую справаздачу. Пантыфік прапанаваў наладзіць дыялог паміж дзвюма ўстановамі.

“Гэта была глыбока змястоўная размова, якая адлюстроўвае агульную прыхільнасць да справядлівасці, аздараўлення і сапраўдных перамен. Пацярпелыя доўгі час шукалі месца за сталом, і сёння мы адчулі, што нас пачулі”, - сказала адна з удзельніц аўдыенцыі, канадка Джэма Хікі.

Пачатак сустрэчы паклаў ліст актывістаў ECA да новаабранага Папы. Натхнёныя словамі Роберта Прэвоста з лоджыі благаслаўленняў ватыканскай базілікі, яны назвалі сябе “будаўнікамі мастоў”, гатовымі ісці разам да праўды, справядлівасці і аздараўлення. У гэтыя палярызаваныя часы самы радыкальны ўчынак, які можна зрабіць, – гэта сесці і паразмаўляць, адзначылі яны. Папа адказаў станоўча і адкрыта, вітаючы магчымасць шчырага і паважлівага дыялогу.

Па словах прадстаўнікоў арганізацыі, мэтай сустрэчы з Папам палягала не ў канфрантацыі, а ў тым, каб выказаць гатоўнасць працаваць разам для пошуку рашэнняў, якія дапамогуць абараніць самых уразлівых і аднавіць давер да Касцёла як інстытута, здольнага на вялікае дабро.

Прадстаўнік Германіі Маціяс Катш адзначыў, што ўдзельнікі сустрэчы прасілі Папу даць надзею на справядлівасць, кампенсацыю і лепшую абарону дзяцей і ўразлівых дарослых. Ён падкрэсліў, што ўжо недастаткова, каб пацярпелыя гаварылі – грамадства павінна слухаць. Па яго словах, не толькі Касцёл, але і грамадства ў цэлым павінна быць гатова слухаць і вучыцца на сведчаннях пацярпелых.

21 кастрычніка 2025, 11:13