Святы Айцец: Уваскрослы Езус – невычэрпная крыніца надзеі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Наша жыццё пазначана незлічонымі падзеямі, поўнымі розных адценняў і перажыванняў”, - заўважыў Святы Айцец, працягваючы цыкл катэхез пад назвай “Езус Хрыстус – наша надзея”.
“Часам мы адчуваем радасць, а часам – смутак. Мы часам задаволеныя, а часам стомленыя, рэалізаваныя або дэматываваныя. Мы жывем насычаным жыццём, засяроджваемся на выніках, дасягаем высокіх і прэстыжных мэтаў. Аднак бывае, што застаёмся ў няпэўнасці, чакаючы поспехаў і прызнання, якія так і не прыходзяць. Карацей, мы апынаемся ў парадаксальнай сітуацыі: хочам быць шчаслівымі, але знайсці трывалае шчасце ў нас не атрымліваецца”, - сказаў Пантыфік, дадаючы: “Глыбока ў сэрцы мы заўсёды адчуваем, што нам чагосьці не хапае”.
Папа нагадаў, што “Бог не стварыў нас для нястачы, а для паўнаты – каб радавацца жыццю і мець жыццё ў дастатку, як кажа Езус у Евангеллі паводле Яна”. Гэта глыбокае жаданне ў нашых сэрцах, па яго словах, нельга задаволіць нейкімі ролямі, уладай ці маёмасцю: яно знаходзіць свой адказ толькі ў надзеі, якую дае Уваскрослы Хрыстус. “Ён – крыніца, што ўталяе нашую смагу, бясконцую смагу паўнаты, якую Дух Святы ўлівае ў наша сэрца. Бо Уваскрасенне Хрыста – не проста падзея чалавечай гісторыі, але падзея, што пераўтварыла яе знутры”, - сцвердзіў Пантыфік.
“Уваскрослы – гэта жывая крыніца, якая не высыхае і не змяняецца. Яна заўсёды чыстая і даступная кожнаму, хто мае смагу. І чым больш мы смакуем таямніцу Бога, тым больш яна прыцягвае нас, хоць мы ніколі не бываем цалкам насычаныя”, - с казаў Папа, нагадаўшы словы са “Споведзі” святога Аўгусціна: “Ты разліў водар свой – я ўдыхнуў і цяпер задыхаюся без Цябе. Я спазнаў Цябе і цяпер прагну Цябе; Ты дакрануўся да мяне, і я запалаў жаданнем Твайго спакою”.
Леў XIV адзначыў, што “праз сваё Уваскрасенне Езус забяспечыў нам невычэрпную крыніцу жыцця” і толькі “Ён можа даць нам спакой у зямным падарожжы і гарантаваць дасканалы супакой у вечнасці”. Па словах Папы, толькі Езус, які памёр і ўваскрос, адказвае на найглыбейшыя пытанні нашага сэрца, што датычаць канчатковага лёсу чалавека, яго прызначэння і адкуплення пакут многіх нявінных.
“Уваскрослы Езус не дае адказу “з вышыні”, але становіцца нашым спадарожнікам на гэтым часта цяжкім, балючым, таямнічым шляху. Толькі Ён можа напоўніць нашу пустую флягу, калі смага становіцца нязноснай”, - дадаў Пантыфік.
Святы Айцец адзначыў, што Езус з’яўляецца таксама мэтай нашага жыцця. “Без Яго любові наша зямное падарожжа ператваралася б у блуканне без мэты – у трагічнае вандраванне без сапраўднага канца”, - сказаў ён, дадаючы, што нягледзячы на нашы падзенні і грахі, Езус заахвочвае ўздымацца і працягваць шлях да дому, “дзе нас чакаюць, любяць і збаўляюць”.
“Ісці разам з Ім – значыць адчуваць падтрымку нягледзячы ні на што, напаўненне і суцяшэнне сярод выпрабаванняў і цяжкасцяў, якія, як цяжкія камяні, пагражаюць спыніць або збочыць нашу гісторыю”, - падкрэсліў Леў XIV, нагадваючы, што з “Уваскрасення Хрыста прабіваецца надзея, якая дазваляе нам, нягледзячы на цяжкасці жыцця, загадзя адчуць глыбокі і радасны супакой — той супакой, які толькі Ён зможа даць”.
