Анёл Панскі: заклік Папы да міру, малітва за ахвяр катастроф
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас нядзельнай малітвы "Анёл Панскі" 5 кастрычніка 2025 года Папа звярнуўся да вернікаў з Плошчы Святога Пятра. Ён прывітаў удзельнікаў юбілейнай цэлебрацыі, прысвечанай місіянерам і мігрантам, падкрэсліўшы, што ўвесь Касцёл з’яўляецца місійным і ніхто не павінен быць прымушаны да выезду, эксплуатаваны ці пагарджаны.
Святы Айцец выказаў сваю блізкасць філіпінскаму народу пасля моцнага землятрусу, які адбыўся ўвечары 30 верасня 2025 года ў цэнтральнай частцы краіны. Ён запэўніў у сваёй малітве за тых, хто найбольш пацярпеў ад наступстваў стыхіі, і заклікаў да салідарнасці ў даверы да Бога.
Пантыфік таксама выказаў заклапочанасць ростам антысеміцкай нянавісці ў свеце, прыкладам чаго стаў нядаўні тэрарыстычны акт у Манчэстэры. Асаблівы боль Папы выклікаюць велізарныя пакуты палесцінскага народа ў Газе. Ён адзначыў, што ў апошнія гадзіны назіраюцца значныя крокі наперад у мірных перамовах, і выказаў надзею на хуткае дасягненне жаданых вынікаў. Леў XIV заклікаў усіх аб’яднацца ў малітве, каб намаганні па спыненні вайны прывялі да справядлівага і трывалага міру.
На заканчэнне Святы Айцец духоўна далучыўся да вернікаў, сабраных у санктуарыі ў Пампеях, і заклікаў у кастрычніку ўзмацніць малітву на ружанцы за мір, якая павінна стаць канкрэтнай салідарнасцю з народамі, што пакутуюць ад вайны. Асаблівую падзяку Святы Айцец выказаў дзецям па ўсім свеце, якія моляцца на ружанцы ў гэтай інтэнцыі.