Пошук

Леў XIV у Кастэль-Гандольфа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве "Анёл Панскі" Леў XIV у Кастэль-Гандольфа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве "Анёл Панскі"  (ANSA)

Анёл Панскі: за Божым сталом месца хопіць усім

Леў XIV перад малітвай "Анёл Панскі" нагадаў пра роўнасць усіх людзей перад Богам і заклікаў вучыцца пакоры і настойлівасці ў жанчыны-хананеянкі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваіх словах 16 жніўня 2026 года Папа звярнуў увагу на тое, што ўваскрэсенне Хрыста адкрывае перад кожным чалавекам дарогу да новага жыцця. Пра гэта, паводле яго, найлепш сведчыць евангельская гісторыя пра жанчыну-хананеянку (Мц 15, 21-28).

Чужаземка, якая прыйшла да Езуса не дзеля сябе, а з просьбай за пакутную дачку. Яе не спыніла ні маўчанне Настаўніка, ні незадаволенасць вучняў – вера аказалася мацнейшай за ўсе перашкоды. І Хрыстус адказаў ёй словамі, поўнымі прызнання: "О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш".

Гэтая гісторыя, як заўважыў Леў XIV, паказвае простую і глыбокую ісціну: Божы стол прыгатаваны для ўсіх, і няма нікога, каму прызначаны толькі крошкі з яго. Менавіта таму, падкрэсліў Папа, у святле гэтай праўды не могуць мець апраўдання ні няроўнасць, ні дыскрымінацыя – усё, што топча годнасць Божых дзяцей. Касцёл, паводле Льва XIV, павінен дазваляць сябе здзіўляць Божай ласцы і трымаць сэрца адкрытым да таго, што хоча прамовіць Бог. А для гэтага патрэбна ўменне бачыць і чуць дзеянне гэтай ласкі ў кожнай сустрэчы – нават нечаканай, нават цяжкай.

Напрыканцы Святы Айцец заклікаў даручыць Марыі Касцёл, які жыве сёння ў пакутлівым свеце і настойліва шукае міру для яго. Ён нагадаў, што менавіта з вуснаў Багародзіцы гучыць "найбольш моцны і наватарскі гімн, які калі-небудзь быў прамоўлены, – Магніфікат". Гэта песня тых, хто глядзіць на рэальнасць вачыма Бога — не губляе надзеі і дзейнічае ў любові.
 

16 жніўня 2026, 12:05

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >