Анёл Панскі: "Хто Езус для мяне?" – пытанне кожнага дня
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
23 жніўня 2026 года перад малітвай "Анёл Панскі" Папа разважаў над евангельскім пытаннем, якое Езус скіраваў да сваіх вучняў: "А вы кім лічыце Мяне?" (Мц 16, 13-20). Ён падкрэсліў, што гэтае пытанне мае вырашальнае значэнне для кожнага, хто ідзе шляхам веры. Хоць дванаццаць апосталаў ужо шмат перажылі разам са сваім Настаўнікам, Езус не лічыў само сабой зразумелым, што яны сапраўды Яго ведаюць і разумеюць таямніцу Валадарства Божага.
Папа нагадаў, што вера не даецца чалавеку раз і назаўсёды. Неабходна пастаянна адкрываць для сябе аблічча Хрыста і Яго Евангелле, паглыбляць разуменне Яго паслання і нанова асэнсоўваць уласны жыццёвы выбар.
"Кім Езус з'яўляецца для мяне і якое значэнне мае Яго прысутнасць у маім жыцці?" - гэтае пытанне, паводле Льва XIV, асабліва паўстае ў малітве і разважанні над Евангеллем, але таксама перад абліччам ранаў і патрэб братоў і сясцёр, у адносінах з іншымі і ў сітуацыях, якія закранаюць сумленне.
"Ці сапраўды я Яго ведаю? Чаго Яго Евангелле патрабуе ад мяне сёння?" - спытаў Пантыфік. Ён заўважыў, што часам хрысціянская вера абмяжоўваецца пачутым ад іншых, агульнымі ўяўленнямі або тым, што было перададзена з добрымі намерамі. Аднак Езус, паводле слоў Святога Айца, заклікае да асабістага адказу, да блізкага пазнання і да сяброўства з Ім. Такая сустрэча заўсёды можа быць новай і можа запатрабаваць выбраць шлях, якога чалавек раней не ўяўляў.
Гэта датычыць як асабістага шляху, так і жыцця Касцёла і душпастырскіх рашэнняў. Часам, адзначыў Папа, здаецца, што дастаткова працягваць дзейнічаць так, як заўсёды. Таму важна часта пытацца ў сябе, кім для мяне з'яўляецца Хрыстус, ці сапраўды я Яго ведаю і якія крокі трэба зрабіць.
Напрыканцы Леў XIV заклікаў вернікаў прасіць Дзеву Марыю, якая ў сваім сэрцы шукала Божую волю праз свайго Сына, каб яна заўсёды вяла кожнага шляхам веры.