Анёл Панскі: Унебаўзяцце Багародзіцы дае надзею кожнаму
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі мае вялікае значэнне для каталіцкай тэалогіі і народнай набожнасці. 15 жніўня 2026 года Папа прапанаваў разважыць над гэтай таямніцай веры праз дзве мастацкія мадэлі.
Найбольш старажытны вобраз – гэта Успенне Маці Божай, дзе Уваскрослы Езус трымае Марыю і бярэ яе ў славу Божую. Сваім учынкам Збаўца ажыццяўляе абяцанне прыгатаваць месца верных Яму і ўзяць іх да сябе. Гэтую старажытную мазаіку вернікі сузіраюць у Рыме, у абсідзе Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ.
Створаная на Захадзе пазнейшая іканаграфія паказвае Марыю, акружаную святлом, анёламі і святымі. Гэты вобраз падкрэслівае, што Маці Божая была ўзятая ў неба з душой і целам – ва ўсёй паўнаце сваёй асобы. "Гэта Жанчына, якая на зямлі дала цела і кроў Уцелаўлёнаму Слову і ішла за Ім аж да дасканалага адзінства ў ахвяры любові, была Ім назаўсёды прыцягнутая ў славу", - заўважыў Леў XIV.
Разважаючы пра Марыю, Касцёл можа ўбачыць і ўласны канчатковы лёс. Паводле Папы, паўната жыцця, якую сёння мы з радасцю сузіраем у Божай Маці, чакае і нас у канцы часоў, калі Хрыстус "пераменіць нашае прыніжанае цела на падабенства свайго праслаўленага цела" (Філ 3, 21).
"Тады, з нашым целам, перамененым любоўю Адкупіцеля, мы будзем жыць вечна, у бясконцым свяце", - падкрэсліў Леў XIV.
Папа заклікаў уславіць Пана, які ўчыніў вялікія справы ў сваёй і нашай Найсвяцейшай Маці.