Анёл Панскі: як захаваць надзею перад абліччам зла
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Перад малітвай “Анёл Панскі” 16 лістапада 2025 года Папа пракаментаваў евангельскі ўрывак, у якім Езус гаворыць пра войны, бедствы і пераслед, што чакаюць Яго вучняў.
Пантыфік зазначыў, што, калі літургічны год набліжаецца да завяршэння, Касцёл запрашае нас задумацца над цяжкасцямі гісторыі і канцом рэчаў, заклікаючы не паддавацца паралізуючаму страху.
Надзея, мацнейшая за зло
Святы Айцец падкрэсліў, што словы Хрыста “не палохайцеся” з’яўляюцца вельмі актуальнымі сёння, калі мы штодня чуем пра канфлікты і пераслед, якія мучаць мільёны людзей. Езус абвяшчае, што агрэсія зла не можа знішчыць надзею тых, хто давярае Яму. “Чым больш цёмная гадзіна, як ноч, тым больш ззяе вера, як сонца”, - дадаў Папа.
Пантыфік нагадаў, што Хрыстус двойчы кажа пра тое, што за Яго імя многія будуць зазнаваць пераслед, але менавіта тады яны атрымаюць магчымасць даць сведчанне. Гэтае заахвочванне датычыць усіх, бо пераслед хрысціян адбываецца не толькі праз зброю і здзекі, але і праз хлусню і ідэалагічныя маніпуляцыі.
Калі мы прыгнечаны гэтым фізічным і маральным злом, мы пакліканы сведчыць пра праўду, якая збаўляе свет, пра справядлівасць, якая вызваляе народы ад прыгнёту, і пра надзею, якая ўказвае ўсім шлях да міру, - дадаў Леў XIV.
Вытрываласць, якая збаўляе
Словы Езуса, паводле Папы, сведчаць пра тое, што бедствы і пакуты гісторыі маюць свой канец, у той час як радасць тых, хто прызнае ў Ім Збаўцу, будзе доўжыцца вечна.
Абяцанне Пана “цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае” напаўняе нас сілай супрацьстаяць пагрозлівым падзеям і кожнай крыўдзе. Мы не застаёмся бездапаможнымі перад абліччам болю, бо сам Пан дае нам “слова і мудрасць”, каб заўсёды рабіць дабро з палаючым сэрцам.
На заканчэнне разважання Леў XIV падкрэсліў, што на працягу ўсёй гісторыі Касцёла менавіта мучанікі нагадваюць нам, што ласка Божая здольная ператварыць нават насілле ў знак адкуплення.
Пантыфік заахвоціў яднацца з братамі і сёстрамі, якія пакутуюць за імя Езуса, і з даверам шукаць заступніцтва Марыі, Дапамогі хрысціянаў, каб Яна суцяшала і падтрымлівала нас у кожным выпрабаванні і цяжкасці.