Леў XIV падчас Эўхарыстыі з нагоды Юбілею Свету Адукацыі ва ўрачыстасць Усіх Святых Леў XIV падчас Эўхарыстыі з нагоды Юбілею Свету Адукацыі ва ўрачыстасць Усіх Святых  (@Vatican Media)

Анёл Панскі: заклік Папы да братэрства ў свеце

Леў XIV падзяліўся радасцю з англіканамі з нагоды абвяшчэння святога Джона Генры Ньюмана Доктарам Касцёла і заклікаў быць будаўнікамі братэрства ў свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля ўрачыстай літургіі 1 лістапада 2025 года Папа прывітаў яе ўдзельнікаў. Асабліва цёпла ён звярнуўся да афіцыйнай дэлегацыі Царквы Англіі на чале з архіепіскапам Ёркскім Стывенам Катрэлам.

Пантыфік адзначыў, што іх прысутнасць, пасля гістарычнай малітоўнай сустрэчы з каралём Карлам III у Сікстынскай капэле, з’яўляецца выразам супольнай радасці ад абвяшчэння святога Джона Генры Ньюмана Доктарам Касцёла. Святы Айцец выказаў надзею на тое, што новы Доктар Касцёла будзе суправаджаць шлях хрысціян да поўнага адзінства.

Леў XIV таксама прывітаў усіх пілігрымаў, асабліва маладых удзельнікаў дабрачыннага забегу “Corsa dei Santi” (Забег святых), арганізаванага салезіянамі, які яднае спорт і салідарнасць з дзецьмі ў патрэбе.

У сваім разважанні Папа падкрэсліў, што таямніца еднасці святых, якой мы ў гэты дзень дыхаем, як ён вобразна сказаў, “на поўныя грудзі”, нагадвае пра канчатковы лёс чалавецтва – вялікае свята любові Бога.

Гэтая будучая рэчаіснасць, па словах Пантыфіка, стварае яшчэ больш моцны і балючы кантраст з драмай, якую перажывае чалавечая сям’я з прычыны несправядлівасці і войнаў. Менавіта таму мы ўсе павінны адчуваць неадкладны абавязак быць будаўнікамі братэрства.

Папа заклікаў даверыць гэтую малітву і намаганні заступніцтву Панны Марыі і ўсіх святых.
 

01 лістапада 2025, 12:15

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >