Уладарка неба: дом Айца – гэта месца, дзе няма лішніх людзей
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Велікодны перыяд дазваляе вернікам нанова пачуць словы Езуса, якія ў святле Яго Мукі і Уваскрасення набываюць асаблівую глыбіню. Тое, што раней выклікала ў вучняў неразуменне ці заклапочанасць, цяпер вяртаецца ў памяць як крыніца надзеі.
Пантыфік 3 мая 2026 года падчас разважання да малітвы “Уладарка неба”, звяртаючыся да зместу нядзельнага Евангелля паводле Яна, засяродзіў увагу на дыялогу Настаўніка з апосталамі падчас Апошняй Вячэры. Хрыстус абяцае падрыхтаваць для сваіх паслядоўнікаў месца, каб там, дзе знаходзіцца Ён, былі і яны.
Будучыня, якая пачынаецца сёння: Езус рыхтуе дом для ўсіх
Збаўца апісвае Сябе як слугу, які рупліва рыхтуе пакоі ў вялікім доме свайго Айца. Гэта вобраз супольнасці, дзе кожны брат і кожная сястра па прыбыцці знойдуць сваё ўласнае месца і адчуюць, што іх заўсёды чакалі. Як адзначыў Леў XIV, вучні адкрываюць важную ісціну: у Бога ёсць прастора для кожнага без выключэння. Гэта радыкальна супярэчыць логіцы сучаснага свету, дзе пануе гонка за элітарнасцю.
Наадварот, паводле слоў Святога Айца, адкрытасць для ўсіх прыносіць радасць: удзячнасць замяняе канкурэнцыю, а прыняцце выцясняе выключэнне. Смерць можа пагражаць сціраннем імёнаў, але ў Бога кожны чалавек нарэшце становіцца самім сабой, здабываючы тое прызнанне, якога шукаў усё жыццё.
Сапраўдная каштоўнасць чалавека не залежыць ад яго статусу
Сакрэт вызвалення ад зямных трывог Папа бачыць у веры. Менавіта веры дадзена пазбавіць сэрца ад ілжывай патрэбы гнацца за прэстыжам ці матэрыяльнымі набыткамі дзеля самасцвярджэння. Кожная асоба ўжо мае бясконцую каштоўнасць у Божай таямніцы, якая і з’яўляецца сапраўднай рэчаіснасцю.
Любячы адзін аднаго так, як любіў нас Хрыстус, мы прыносім неба на зямлю і сведчым, што братэрства і спакой – гэта наш сапраўдны лёс. У любові сярод мноства братоў кожны адкрывае сваю ўнікальнасць.
Леў XIV завяршыў сваё разважанне малітвай да Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, каб кожная хрысціянская супольнасць магла стаць адкрытым домам, уважлівым да кожнага чалавека.