Пошук

Леў XIV падчас малітвы “Уладарка неба” Леў XIV падчас малітвы “Уладарка неба” 

“Уладарка неба” з Папам: Пяцідзясятніца – час адчыненых дзвярэй

Ва ўрачыстасць Пяцідзясятніцы Папа нагадаў, што Дух Святы з’яўляецца той сілай, якая знішчае страх, адчыняе сэрцы і дапамагае Касцёлу быць гасцінным домам для кожнага чалавека.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Звяртаючыся да вернікаў перад малітвай “Уладарка неба” 24 мая 2026 года, Леў XIV засяродзіў увагу на вобразе Духа Святога, які прыносіць святло і сілу.

Евангелле нагадвае, што вучні хаваліся за замкнёнымі дзвярыма ў выніку страху перад юдэямі. Аднак Дух уварваўся нібы магутны вецер, адчыніў гэтыя дзверы і прымусіў вучняў выйсці, каб абвяшчаць Добрую Навіну пра ўваскрослага Хрыста.

Сёння, паводле Папы, варта задаць сабе пытанне: якія менавіта дзверы Дух Святы адчыняе для нас цяпер? У першую чаргу, гэта доступ да таямніцы самога Бога. Дзякуючы такому дару чалавек атрымлівае сапраўдную веру, пачынае разумець Святое Пісанне і сустракае Бога асабіста ў штодзённым жыцці, а не толькі ў межах выканання закона.

Страх перад светам паралізуе, але прысутнасць Духа Святога заўсёды скіроўвае супольнасць вернікаў да дыялогу.

Другія дзверы, якія адчыняюцца дзякуючы Яго дзеянню – гэта дзверы Вячэрніка, то-бок самога Касцёла. Без гэтага ўнутранага агню супольнасць застаецца палонніцай страху перад выклікамі свету, замыкаецца ў сабе і губляе здольнасць размаўляць з эпохай, якая імкліва змяняецца.

Дух Святы дзейнічае так, каб Касцёл заставаўся гасцінным нават для тых, хто раней сам закрыўся ад Бога, іншых людзей, надзеі і радасці жыцця. Леў XIV прыгадаў словы Папы Францішка пра тое, што мы пакліканы быць “Касцёлам, які благаслаўляе і падбадзёрвае (…) Касцёлам з адчыненымі для ўсіх дзвярыма”.

Нарэшце, Дух Святы адчыняе дзверы нашых уласных сэрцаў. Ён дапамагае пераадольваць унутраны супраціў, эгаізм, недавер і разнастайныя формы прадузятасці. Такім чынам чалавек становіцца здольным жыць як дзіця Божае ў згодзе з іншымі.

Менавіта там, дзе прысутнічае Дух Пана, нараджаецца сапраўднае братэрства паміж групамі і народамі Зямлі, а ўсе людзі пачынаюць размаўляць на адзінай мове любові, якая яднае ўсялякую разнастайнасць.

Напрыканцы свайго разважання Святы Айцец заклікаў маліцца аб дарах Духа Святога і даручыў вернікаў заступніцтву Панны Марыі, Маці Касцёла.
 

24 мая 2026, 12:07

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >