Пошук

Айцец Раберта Пазаліні падчас першай адвэнтавай медытацыі 2025 года Айцец Раберта Пазаліні падчас першай адвэнтавай медытацыі 2025 года   (@Vatican Media)

Першае казанне Адвэнту: Бог “адмяняе” зло, каб збавіць чалавека

На пачатку Адвэнту, калі Касцёл рыхтуецца да таго, што Леў XIV зачыніць Святую Браму Юбілею, айцец Раберта Пазаліні прапанаваў паглядзець на “дні Ноя” не як на катастрофу, а як на ўрок Божай педагогікі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваёй першай адвэнтавай медытацыі 2025 года прапаведнік Папскага дому засяродзіўся на парадоксе “дзён Ноя”: трагедыя тых часоў была не ў надзвычайным зле, а ў фатальнай нармальнасці. Людзі елі, пілі і жаніліся, былі настолькі паглынутыя зямным, што “не заўважылі” ласкі.

Толькі Ной здолеў разгледзець, што жыве пад цярплівым небам, і пачаў будаваць каўчэг – сімвал аднаўлення ўнутранага “храма Пана” пасярод абыякавасці свету.

Божая “адмена” супраць сучаснай “культуры адмены”

Прапаведнік правёў глыбокую паралель паміж біблейскім патопам і сучаснасцю. Рашэнне Бога “сцерці” чалавека з твару зямлі – гэта не акт нянавісці, а спроба ўратаваць праект стварэння.

Леў XIV падчас першай адвэнтавай медытацыі 2025 года
Леў XIV падчас першай адвэнтавай медытацыі 2025 года   (@Vatican Media)

У адрозненне ад сучаснай “культуры адмены” (cancel culture), якая бязлітасна выдаляе нязручных людзей, Божае “сціранне” накіравана на знішчэнне зла дзеля вызвалення чалавека.

Патоп стаў момантам “дэ-крэацыі” дзеля “рэ-крэацыі”: Бог часова змяніў правілы гульні, каб выратаваць саму гульню, якую Ён распачаў з любоўю.

Вясёлка – лук вайны, павешаны на аблокі

Самы кранальны вобраз медытацыі – інтэрпрэтацыя вясёлкі. Айцец Пазаліні нагадаў, што яўрэйскае “qeshet” азначае баявы лук. Пасля патопу Бог вешае свой лук на аблокі, накіроўваючы стралу ў неба, прэч ад зямлі. Гэта ўрачыстая дэкларацыя ненасілля: Усемагутны добраахвотна абяззбройвае сябе, робіцца ўразлівым, каб заключыць з чалавецтвам вечны мір. Менавіта гэты жэст – спыненне гневу тым, хто мае ўладу пакараць – з'яўляецца найвышэйшай праявай любові.

Падчас першай адвэнтавай медытацыі 2025 года
Падчас першай адвэнтавай медытацыі 2025 года   (@Vatican Media)

Адвэнтавая пільнасць, падсумаваў капуцын, – гэта не страх перад канцом, а актыўны ўдзел у гэтым Божым міры. Гэта заклік “прысвяціць сябе збаўленню”, каб у ночы свету заставацца вартаўнікамі, якія чакаюць непазбежнага ўзыходу Ранішняй Зоркі – Хрыста.
 

05 снежня 2025, 10:30