Пошук

Мастак Мануэль Андрэас Дзюр Мастак Мануэль Андрэас Дзюр  (ANSA)

У Базіліцы Святога Пятра новы “Крыжовы шлях”

У Базіліцы Святога Пятра прайшла інаўгурацыя новага “Крыжовага шляху” – чатырнаццаці мастацкіх твораў, якія дапамогуць вернікам разважаць над мукай Езуса Хрыста ў велікапосны перыяд.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Крыжовы шлях” стварыў малады швейцарскі мастак Мануэль Андрэас Дзюр. Яго праект перамог на адмысловым міжнародным конкурсе, які праводзіла Фабрыка святога Пятра. Творы будуць знаходзіцца ў ватыканскім саборы да 4 красавіка 2026 года. Потым іх перамесцяць у сховішчы, дзе яны будуць чакаць наступнага Вялікага посту.

Афіцыйнае адкрыццё

Афіцыйнае адкрыццё прайшло ў першую пятніцу Вялікага посту, 20 лютага 2026 года. У ім бралі ўдзел кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэзбітэр Базілікі Святога Пятра; мансеньёр Арацыа Пепэ, сакратар Фабрыкі святога Пятра; і сам мастак Мануэль Андрэас Дзюр. Музычнае суправаджэнне забяспечыла “Capella Giulia”. Пасля цырымоніі адбылося набажэнства Крыжовага шляху.

Мастацкія творы ў дыялогу з базілікай

“Новы “Крыжовы шлях” быў створаны маладым, таленавітым мастаком спецыяльна для Базілікі Святога Пятра. Мы бачым, што гэтыя абразы знаходзяцца ў дыялогу з аздабленнем базілікі – мармурам, скульптурамі, пазалочанай ляпнінай і нават святлом – на гэтых палотнах намаляваныя тыя самыя промні сонца, што трапляюць у сабор. Вялікія памеры мастацкіх твораў – 160 на 160 сантыметраў – таксама ўзаемадзейнічаюць з базілікай”, - расказаў ватыканскім медыя П’етра Дзандэр, кіраўнік аддзела культурнай спадчыны Фабрыкі святога Пятра.

Праект у рамках 400-годдзя кансэкрацыі сабора

Стварэнне новага “Крыжовага шляху” – адна з ініцыятыў у рамках 400-годдзя кансэкрацыі новай Базілікі Святога Пятра, якое адзначаецца сёлета. Ватыканскі сабор быў асвечаны 18 лістапада 1626 года Папам Урбанам VIII пасля глабальнай перабудовы, якая працягвалася амаль 120 гадоў.
 

21 лютага 2026, 10:17