Пантыфік: сапраўднае багацце – сяброўства з Богам і братамі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папа заўважыў, што евангельская прыпавесць пра несправядлівага эканома (Лк 16, 1-13) заахвочвае нас “паразважаць аб выкарыстанні матэрыяльных дабротаў і, больш шырока, аб тым, як мы распараджаемся самай каштоўнай добратай з усіх – нашым уласным жыццём”.
“У апавяданні мы бачым, што эканом атрымлівае ад гаспадара загад “даць справаздачу”. Гаворка ідзе пра вобраз, які перадае нам нешта важнае: мы не з’яўляемся гаспадарамі свайго жыцця ці дабротаў, якімі карыстаемся; усё гэта дадзена нам у дар ад Пана, і Ён даверыў гэтую спадчыну нашай апецы, нашай свабодзе і адказнасці. Аднойчы мы будзем пакліканы даць справаздачу з таго, як мы распараджаліся сабой, сваімі дабротамі і рэсурсамі зямлі – як перад Богам, так і перад людзьмі, перад грамадствам і асабліва перад тымі, хто прыйдзе пасля нас”, - адзначыў Святы Айцец.
Папа нагадаў, што эканом з прыпавесці шукаў толькі ўласнай выгады, і калі прыйшоў дзень, калі трэба было даць справаздачу і кіраўніцтва было ў яго адабрана, яму давялося думаць, што рабіць для сваёй будучыні.
“У гэтай цяжкай сітуацыі ён разумее, што не назапашванне матэрыяльных дабротаў з’яўляецца найважнейшай каштоўнасцю, бо багацце гэтага свету праходзіць; і тады ў яго ўзнікае выдатная ідэя: ён склікае даўжнікоў і скарачае іх даўгі, адмаўляючыся ад часткі, якая належала б менавіта яму. Такім чынам, ён страчвае матэрыяльнае багацце, але набывае сяброў, якія будуць гатовыя дапамагчы і падтрымаць яго”, - заўважыў Святы Айцец.
Леў XIV нагадаў, што, узяўшы за аснову гэтае апавяданне, Езус заклікае нас: “Здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры” (Лк 16, 9).
Пантыфік заўважыў, што евангельскі эканом “нават кіруючы несправядлівымі багаццямі гэтага свету, знайшоў спосаб набыць сяброў, выходзячы з адзіноты ўласнага эгаізму”. “Тым больш мы, якія з’яўляемся вучнямі і жывём у святле Евангелля, павінны распараджацца дабротамі свету і нашым уласным жыццём, думаючы аб сапраўдным багацці – сяброўстве з Панам і братамі”, - сцвердзіў Святы Айцец.
“Дарагія, прыпавесць заклікае нас спытаць сябе: як мы распараджаемся матэрыяльнымі дабротамі, рэсурсамі зямлі і нашым уласным жыццём, якое Бог нам даверыў? Мы можам ісці шляхам эгаізму, ставячы багацце на першае месца і думаючы толькі пра сабе; але гэта аддаляе нас ад іншых і распаўсюджвае атруту канкурэнцыі, якая часта нараджае канфлікты. Альбо мы можам прызнаць усё, што маем, як Божы дар, якім павінны распараджацца, і выкарыстоўваць гэта як сродак для дзялення, каб ствараць сеткі сяброўства і салідарнасці, каб ствараць дабро, каб будаваць больш справядлівы, больш роўны і больш братэрскі свет”, – сказаў Папа, заклікаючы памаліцца да Панны Марыі “каб Яна заступалася за нас і дапамагла нам добра распараджацца тым, што Пан нам давярае, са справядлівасцю і адказнасцю”.