Пошук

Папа: слова Езуса вызваляе нас з вязніцы адчаю і пакут

Калі сустракаем Езуса, жыццё, пазбаўленае святла, слова і смаку, зноў знаходзіць сэнс, - запэўніў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якую правёў 14 снежня 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Евангельскае чытанне на Трэцюю нядзелю Адвэнту “дазваляе нам адведаць у вязніцы Яна Хрысціцеля, які быў зняволены за сваё прапаведаванне”, але ён “не згубіў надзеі, становячыся для нас знакам таго, што прароцтва, нават заключанае ў кайданы, застаецца свабодным голасам, што шукае праўды і справядлівасці”, - заўважыў Папа.

Леў XIV нагадаў, што ў вязніцы Ян Хрысціцель пачуў расповеды пра чыны Езуса, якія, аднак, адрозніваліся ад таго, чаго ён чакаў. Таму Хрысціцель паслаў сваіх вучняў спытаць у Хрыста: “Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?”.

Святы Айцец заўважыў, што ў сваім адказе Езус скіраваў позірк на тых, каго Ён любіў і каму служыў. “Гэта яны: пакорныя, бедныя, хворыя кажуць за Яго. Хрыстус абвяшчае, кім Ён з’яўляецца, праз тое, што Ён робіць. А тое, што Ён робіць, з’яўляецца для ўсіх нас знакам збаўлення. Сапраўды, калі сустракаем Езуса, жыццё, пазбаўленае святла, слова і смаку, зноў знаходзіць сэнс: сляпыя бачаць, нямыя гавораць, глухія чуюць. Людзям, створаным на вобраз Бога, але знявечаным праказай, вяртаецца цэласнасць і здароўе. Нават памерлыя, цалкам неадчувальныя, вяртаюцца да жыцця. Гэта – Евангелле Езуса, гэта – Добрая навіна, што абвяшчалася бедным: калі Бог прыходзіць у свет, гэта бачна!”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Слова Езуса вызваляе нас з вязніцы адчаю і пакут: кожнае прароцтва знаходзіць у Ім чаканае спаўненне. Гэта Хрыстус адкрывае вочы чалавека на хвалу Бога. Ён дае слова прыгнечаным, якіх гвалт і нянавісць пазбавілі голасу; Ён перамагае ідэалогіі, якія робяць глухімі да праўды; Ён аздараўляе ад вобразаў, якія дэфармуюць цела”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Слова жыцця вызваляе нас ад зла, якое вядзе сэрца да смерці. Таму, як вучні Пана, у гэты час Адвэнту мы пакліканы злучыць чаканне Збаўцы з увагай да таго, што Бог робіць у свеце. Тады мы зможам адчуць радасць свабоды, якая сустракае свайго Збаўцу: “Gaudete in Domino semper” – “Радуйцеся заўсёды ў Пану”. Менавіта гэтым заклікам пачынаецца святая Імша сёння, у Трэцюю нядзелю Адвэнту, якая па гэтай прычыне называецца Нядзеляй “Gaudete”. Таму будзем жа радавацца, бо Езус – наша надзея, у першую чаргу падчас выпрабаванняў, калі здаецца, што жыццё губляе сэнс і ўсё здаецца больш цёмным, калі слоў не хапае і нам цяжка слухаць бліжняга”, - заклікаў Святы Айцец.

“Няхай Панна Марыя, прыклад чакання, увагі і радасці, дапаможа нам наследаваць справы Яе Сына, дзелячыся з беднымі хлебам і Евангеллем”, - пажадаў на заканчэнне разважання Папа.
 

14 снежня 2025, 12:46

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >