Пошук

Анёл Панскі: заклік да цішыні, адмовы ад лішняга і дапамогі бедным

Пакаянне, хоць і прымушае нас усвядоміць уласныя абмежаванні, дае нам сілы пераадолець іх і жыць у еднасці з Богам і блізкімі, - нагадаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 22 лютага 2026 года прайшла ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Леў XIV пракаментаваў евангельскі ўрывак пра тое, як д'ябал спакушаў Езуса ў пустыні (Мц 4:1-11). Пасля саракадзённага посту Хрыстус адчуў увесь цяжар чалавечай прыроды: фізічны голад і маральныя спакусы д'ябла. Яго супраціў спакусам вучыць нас перамагаць падман і пасткі зла.

Літургія запрашае нас успрымаць Вялікі пост як светлы шлях, падчас якога чалавек можа аднавіць супрацоўніцтва з Панам, каб стварыць унікальны шэдэўр свайго жыцця. Малітва, пост і міласціна дазваляюць ачысціць наша жыццё ад плям і загаіць раны граху, каб яно “заквітнела ва ўсёй сваёй прыгажосці” і дасягнула паўнаты любові – адзінай крыніцы сапраўднага шчасця, - падкрэсліў Святы Айцец.

Вядома, гэты шлях няпросты, і ёсць рызыка адчуць стомленасць або спакусіцца больш лёгкімі задавальненнямі, такімі як багацце, слава ці ўлада (пар.Мц 4:3-8). Такія рэчы, якімі спакушалі і Хрыста, насамрэч толькі жаласныя сурагаты радасці, і, у рэшце рэшт, непазбежна робяць чалавека незадаволеным, неспакойным і пустым, - заўважыў Пантыфік.

Святы Папа Павел VI падкрэсліваў, што пакаянне не збядняе чалавечнасць, а ўзбагачае яе, ачышчаючы і ўмацоўваючы на шляху да гарызонту любові і поўнага даверу да Бога. Пакаянне, хоць і прымушае нас усвядоміць уласныя абмежаванні, дае нам сілы пераадолець іх і жыць у еднасці з Богам і блізкімі, - адзначыў Леў XIV.

Папа заахвоціў вернікаў у гэты час ласкі надаць больш месца цішыні, абмежаваць выкарыстанне тэлевізараў, радыё і смартфонаў, разважаць над Словам Божым, прыступіць да сакрамэнтаў, прыслухацца да голасу Святога Духа ў нашых сэрцах, пачуць адзін аднаго ў сем’ях, на працоўных месцах і ў супольнасцях, прысвяціць час адзінокім, асабліва пажылым, бедным і хворым, адмовіцца ад лішняга і падзяліцца з тымі, каму не хапае неабходнага. Тады, як кажа святы Аўгустын, наша малітва дасягне нябёсаў і прынясе нам супакой, - нагадаў Пантыфік, заклікаючы вернікаў даверыць свой велікапосны шлях Панне Марыі – Маці, якая заўсёды дапамагае сваім дзецям у выпрабаваннях.

22 лютага 2026, 12:10

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >