Пошук

Леў XIV падчас марыйнай малітвы Леў XIV падчас марыйнай малітвы  (ANSA)

Уладарка неба ў Вялікдзень: выбар святла праўды, а не цемры ілжы

Леў XIV заклікаў вернікаў выбіраць жыватворчую праўду Уваскрасення, а не разбуральную хлусню, якая імкнецца схаваць перамогу Хрыста над смерцю і азмрочыць сумленне чалавека.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Велікоднае пасланне, якое прагучала з вуснаў Пантыфіка перад малітвай “Уладарка неба” ў Велікодны панядзелак 6 красавіка 2026 года, стала глыбокім разважаннем над евангельскім сюжэтам аб пустой магіле.

Папа звярнуў увагу на існаванне дзвюх супрацьлеглых інтэрпрэтацый адной і той жа падзеі. З аднаго боку – сведчанне жанчын, якія сустрэлі Жывога Пана, з другога – аповед вартаўнікоў, падкупленых першасвятарамі, каб распаўсюдзіць чуткі пра крадзеж цела.

Выбар паміж сведчаннем жыцця і прапагандай смерці

Як адзначыў Святы Айцец, гэты кантраст прымушае задумацца над каштоўнасцю хрысціянскага сведчання і сумленнасцю ў камунікацыі. Леў XIV правёў паралель паміж хлуснёй біблейскіх вартаўнікоў і сучаснымі фэйкавымі навінамі, беспадстаўнымі абвінавачваннямі і інсінуацыямі, якія зацямняюць ісціну. Аднак, паводле слоў Папы, праўда не застаецца схаванай – яна сама ідзе насустрач чалавеку, разганяючы цемру сваім святлом.

“Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім”, - гэтыя словы Хрыста да жанчын Пантыфік назваў ключавымі для кожнага верніка. Уваскрасенне з'яўляецца Вялікаднем усяго чалавецтва, бо Хрыстус, як Сын Божы, вызваляе мінулае ад знішчальнага канца і адкупляе будучыню, вырываючы яе з пасткі магілы.

Велікоднае святло як надзея для ахвяр насілля і войнаў

Асаблівую ўвагу Папа надаў тым, хто сёння пакутуе ад зла і несправядлівасці. Ён нагадаў пра народы, змучаныя войнамі, хрысціян, якіх пераследуюць за веру, і дзяцей, пазбаўленых магчымасці вучыцца. Абвяшчэнне Вялікадня словамі і ўчынкамі, паводле яго, азначае вяртанне голасу надзеі, якую спрабуюць задушыць гвалтаўнікі.

У завяршэнне разважання Леў XIV з асаблівай цеплынёй узгадаў свайго папярэдніка, Папу Францішка, які менавіта ў Велікодны панядзелак 2025 года адышоў у вечнасць. Ён заклікаў маліцца да Найсвяцейшай Панны Марыі, каб кожны хрысціянін мог стаць яркім веснікам праўды ў сучасным свеце.
 

06 красавіка 2026, 12:05

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >