Леў XIV: узыходзячы на неба, Хрыстус вядзе і нас да Айца
Марыя Валодзіна - Vatican News
У разважанні перад малітвай “Уладарка неба” Папа нагадаў вернікам пра ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, якую Касцёл адзначае 17 мая 2026 года.
“Вобраз Езуса, які – як гаворыцца ў біблійным тэксце (пар. Дз 1:1-11) – узнімаецца з зямлі ў неба, можа прымусіць нас успрымаць гэтую таямніцу як нейкую далёкую падзею. Насамрэч гэта не так. Бо мы з’яднаны з Езусам у адзінае цела, як члены з галавой, і Яго Унебаўшэсце цягне за сабой і нас да поўнай еднасці з Айцом. Святы Аўгустын наконт гэтага казаў: “Тое, што галава ідзе наперадзе, дае надзею членам” (Казанне 265, 1.2), - працытаваў Папа.
“Усё жыццё Хрыста – гэта рух узыходжання, Які сваёй чалавечнасцю ахоплівае і залучае ўсю сусветную сцэну, узвышаючы і адкупляючы чалавека з яго грахоўнага стану, прыносячы святло, прабачэнне і надзею туды, дзе былі цемра, несправядлівасць і адчай, каб дасягнуць канчатковай велікоднай перамогі, у якой Сын Божы, паміраючы, знішчыў нашу смерць і, уваскрасаючы, аднавіў жыццё”, - сказаў Леў XIV.
“Таму Унебаўшэсце гаворыць нам не пра далёкае абяцанне, а пра жывую сувязь, якая цягне і нас да нябеснай славы, пашыраючы і ўзвышаючы наш гарызонт ужо ў гэтым жыцці і ўсё больш набліжаючы наш спосаб мыслення, адчування і дзеяння да меры Божага сэрца”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Мы ведаем шлях гэтага ўзыходжання (пар. Ян 14:1-6). Мы знаходзім яго ў Езусе, у дары Яго жыцця, у Яго прыкладах і вучэнні, а таксама бачым, як ён прасочваецца ў Найсвяцейшай Панне Марыі і святых: тых, каго Касцёл прапануе нам як універсальны ўзор святасці, і тых, каго Папа Францішак любіў называць “святымі па суседстве” (пар. “Gaudete et exsultate”, 7), тых, з кім мы праводзім нашыя дні: таты, мамы, бабулі і дзядулі, людзі любога ўзросту і стану, якія з радасцю і адказнасцю шчыра імкнуцца жыць паводле Евангелля”, - адзначыў Пантыфік.
“Разам з імі, з іх падтрымкай і дзякуючы іх малітве, мы таксама можам навучыцца дзень за днём падымацца да нябёсаў, робячы прадметам нашых думак, як кажа святы Павел, усё тое, што ёсць праўдзівае, годнае, справядлівае (пар. Флп 4:8) і здзяйсняючы на практыцы з Божай дапамогай тое, што мы пачулі і ўбачылі (пар. 4:9). Гэта дазваляе выхоўваць у нас і вакол нас Боскае жыццё, якое мы атрымалі ў Хросце і якое няспынна цягне нас уверх, да Айца, і пашырае ў свеце каштоўныя плёны еднасці і міру”, - заключыў Папа, просячы дапамагчы ў гэтым Панну Марыю, Уладарку неба, якая ва ўсе часы асвятляе і накіроўвае наш шлях.