Пошук

Леў XIV: нічога не губляецца, калі мы дзелімся з іншымі

Прагнасць – хвароба душы, якая робіць нас неадчувальнымі, бо ап’яняе багаццем, аж да таго, што мы забываемся пра тых, хто плача ад голаду, - нагадаў Папа, заклікаючы узрастаць у любові, каб ніхто не меў нястачы ў штодзённым хлебе

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла 2 жніўня 2026 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Папа пракаментаваў евангельскі літургічны ўрывак пра размнажэнне хлябоў. Ён заўважыў, што знакі, якія здзяйсняў Езус, паказваюць не толькі Яго моц, але перш за ўсё – Яго асаблівую любоў да нас.

Па словах Льва XIV, Езус “не абмяжоўваецца толькі тым, каб вярнуць пачуцці тым, хто іх страціў, але надае смак нашым пачуццям”. “Да глухога, які зноў пачынае чуць, Пан скіроўвае Добрую Навіну; сляпому, які зноў бачыць, паказвае цудоўнае дзеянне адкуплення, якое здзяйсняецца для яго”, - заўважыў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што тое самае Езус робіць, калі дае ежу галодным. “Гісторыя памнажэння хлябоў азначае, што сустрэча з Панам з’яўляецца вопытам, які насычае. У пустыні, гэта значыць у месцы нашай патрэбы, Хрыстус – гэта хлеб жыцця. З Ім самага неабходнага становіцца ў дастатку: “Усе елі і насыціліся”, а пасля засталося “дванаццаць поўных кашоў”. Гэтая лічба паказвае ўсеагульнасць Божых дароў і тое, што Яго клопат пра нас ніколі не спыняецца”, - дадаў Леў XIV.

“Дарагія браты і сёстры, Хрыстус сапраўды спаталяе голад чалавецтва, наш голад праўды і жыцця. Адначасова Яго жэст вучыць нас, што нічога не губляецца, калі гэтым дзеляцца. Назапашванне і марнатраўства – гэта два бакі аднаго і таго ж зла: прагнасці. Гэтая хвароба душы пазбаўляе нас адчувальнасці, бо ап’яняе багаццем, аж да таго, што мы забываемся пра тых, хто плача ад голаду і крычыць ад смагі. І так, побач з раскошай рэчаў, якія гніюць, знаходзяцца працягнутыя рукі тых, хто не мае ежы, і згарэлыя дамы тых, хто не мае міру”, - дадаў Леў XIV.

“У пустыні вайны і пыхі давайце паглядзім, з якой дабрынёй Пан “паглядзеў да неба”, “благаславіў” і, “разламаўшы, даў хлеб” сваім вучням, каб яны раздалі яго натоўпу”, - заклікаў Папа, заўважыўшы, што ў гэтым цудзе любові можна распазнаць тыповыя дзеянні Езуса, якія знаходзяць сваю вяршыню ў Апошняй Вячэры, калі Божы Сын перадаў нам сваё ўласнае жыццё як наш брат у чалавечнасці.

Пантыфік заахвоціў, прымаючы ласку Эўхарыстыі, старацца сведчыць пра яе прыгажосць у нашых штодзённых учынках, пачынаючы з благаслаўлення стала, калі мы дзелімся хлебам у сям’і і сярод сяброў. “Разам з Езусам нават адпачынак можа стаць часам братэрскага спакою, калі мы ўключаем у яго тых, хто побач з намі і знаходзіцца ў патрэбе”, - сказаў Папа, заклікаўшы папрасіць Панну Марыю, клапатлівую Маці, “дапамагчы нам узрастаць у любові, каб ніхто не меў нястачы ў штодзённым хлебе”.
 

02 жніўня 2026, 12:30

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >