Пошук

Плошча Святога Пятра падчас Імшы ў Юбілей Місій і Мігрантаў Плошча Святога Пятра падчас Імшы ў Юбілей Місій і Мігрантаў  (@Vatican Media)

Анёл Панскі: заклік Папы да міру, малітва за ахвяр катастроф

Леў XIV заклікаў да спынення агню і вызвалення закладнікаў на Блізкім Усходзе, а таксама выказаў салідарнасць з ахвярамі землятрусу на Філіпінах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас нядзельнай малітвы "Анёл Панскі" 5 кастрычніка 2025 года Папа звярнуўся да вернікаў з Плошчы Святога Пятра. Ён прывітаў удзельнікаў юбілейнай цэлебрацыі, прысвечанай місіянерам і мігрантам, падкрэсліўшы, што ўвесь Касцёл з’яўляецца місійным і ніхто не павінен быць прымушаны да выезду, эксплуатаваны ці пагарджаны.

Святы Айцец выказаў сваю блізкасць філіпінскаму народу пасля моцнага землятрусу, які адбыўся ўвечары 30 верасня 2025 года ў цэнтральнай частцы краіны. Ён запэўніў у сваёй малітве за тых, хто найбольш пацярпеў ад наступстваў стыхіі, і заклікаў да салідарнасці ў даверы да Бога.

Пантыфік таксама выказаў заклапочанасць ростам антысеміцкай нянавісці ў свеце, прыкладам чаго стаў нядаўні тэрарыстычны акт у Манчэстэры. Асаблівы боль Папы выклікаюць велізарныя пакуты палесцінскага народа ў Газе. Ён адзначыў, што ў апошнія гадзіны назіраюцца значныя крокі наперад у мірных перамовах, і выказаў надзею на хуткае дасягненне жаданых вынікаў. Леў XIV заклікаў усіх аб’яднацца ў малітве, каб намаганні па спыненні вайны прывялі да справядлівага і трывалага міру.

На заканчэнне Святы Айцец духоўна далучыўся да вернікаў, сабраных у санктуарыі ў Пампеях, і заклікаў у кастрычніку ўзмацніць малітву на ружанцы за мір, якая павінна стаць канкрэтнай салідарнасцю з народамі, што пакутуюць ад вайны. Асаблівую падзяку Святы Айцец выказаў дзецям па ўсім свеце, якія моляцца на ружанцы ў гэтай інтэнцыі.
 

05 кастрычніка 2025, 12:10

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >