Пошук

Леў XIV падчас малітвы "Уладарка неба" Леў XIV падчас малітвы "Уладарка неба"  (AFP or licensors)

Уладарка неба: дом Айца – гэта месца, дзе няма лішніх людзей

Падчас нядзельнай сустрэчы з вернікамі Леў XIV разважаў пра абяцанне Хрыста падрыхтаваць месца ў доме Айца, дзе кожны чалавек з’яўляецца па-сапраўднаму жаданым і непаўторным.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Велікодны перыяд дазваляе вернікам нанова пачуць словы Езуса, якія ў святле Яго Мукі і Уваскрасення набываюць асаблівую глыбіню. Тое, што раней выклікала ў вучняў неразуменне ці заклапочанасць, цяпер вяртаецца ў памяць як крыніца надзеі.

Пантыфік 3 мая 2026 года падчас разважання да малітвы “Уладарка неба”, звяртаючыся да зместу нядзельнага Евангелля паводле Яна, засяродзіў увагу на дыялогу Настаўніка з апосталамі падчас Апошняй Вячэры. Хрыстус абяцае падрыхтаваць для сваіх паслядоўнікаў месца, каб там, дзе знаходзіцца Ён, былі і яны.

Будучыня, якая пачынаецца сёння: Езус рыхтуе дом для ўсіх

Збаўца апісвае Сябе як слугу, які рупліва рыхтуе пакоі ў вялікім доме свайго Айца. Гэта вобраз супольнасці, дзе кожны брат і кожная сястра па прыбыцці знойдуць сваё ўласнае месца і адчуюць, што іх заўсёды чакалі. Як адзначыў Леў XIV, вучні адкрываюць важную ісціну: у Бога ёсць прастора для кожнага без выключэння. Гэта радыкальна супярэчыць логіцы сучаснага свету, дзе пануе гонка за элітарнасцю.

У нашым "старым свеце", у якім мы ўсё яшчэ знаходзімся ў дарозе, заўважыў Папа, увагу прыцягваюць выключныя месцы і прывілеі, даступныя толькі нямногім. Аднак у новым свеце, у які нас вядзе Уваскрослы, самае каштоўнае становіцца даступным для ўсіх. Пры гэтым яно не губляе сваёй прывабнасці.

Наадварот, паводле слоў Святога Айца, адкрытасць для ўсіх прыносіць радасць: удзячнасць замяняе канкурэнцыю, а прыняцце выцясняе выключэнне. Смерць можа пагражаць сціраннем імёнаў, але ў Бога кожны чалавек нарэшце становіцца самім сабой, здабываючы тое прызнанне, якога шукаў усё жыццё.

Сапраўдная каштоўнасць чалавека не залежыць ад яго статусу

Сакрэт вызвалення ад зямных трывог Папа бачыць у веры. Менавіта веры дадзена пазбавіць сэрца ад ілжывай патрэбы гнацца за прэстыжам ці матэрыяльнымі набыткамі дзеля самасцвярджэння. Кожная асоба ўжо мае бясконцую каштоўнасць у Божай таямніцы, якая і з’яўляецца сапраўднай рэчаіснасцю.

Любячы адзін аднаго так, як любіў нас Хрыстус, мы прыносім неба на зямлю і сведчым, што братэрства і спакой – гэта наш сапраўдны лёс. У любові сярод мноства братоў кожны адкрывае сваю ўнікальнасць.

Леў XIV завяршыў сваё разважанне малітвай да Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, каб кожная хрысціянская супольнасць магла стаць адкрытым домам, уважлівым да кожнага чалавека.
 

03 мая 2026, 12:09

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >