Леў XIV: нават у хвіліны сумненняў не спыняць дыялогу з Панам
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваім разважанні 30 жніўня 2026 года Папа звярнуў увагу на евангельскі фрагмент пра першае прадказанне мукі і ўваскрасення. Езус кажа вучням, што “павінен ісці ў Ерузалем і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць” (Мц 16, 21).
Такое прадказанне вельмі далёкае ад чаканняў і спадзяванняў вучняў на прыход трыумфальнага і магутнага Месіі, які дапаможа перамагчы і растаптаць ворагаў (пар. Пс 108, 14). Пётр выказвае сваю нязгоду і дакарае Езуса, кажучы: “Пане, няхай абміне Цябе гэта; няхай так не здарыцца”.
Незадоўга да гэтага ён вызнаў у Ім “Хрыста, Сына Бога Жывога”, цяпер жа, здзіўлены і расчараваны, супярэчыць свайму вызнанню і дакарае Яго. Здаецца, ён кажа: “Так, я веру, што Ты – Месія, але свет збаўляюць не так”. Гэта парыў, безумоўна, натхнёны шчырай любоўю, тым не менш прымушае нас задумацца, - заўважыў Леў XIV.
Бо і нам не заўсёды лёгка зразумець і прыняць шляхі Божыя, асабліва калі яны далёкія ад нашых. Тады з’яўляецца спакуса падумаць, насуперак усялякай логіцы веры, што гэта Пан памыляецца, ці, што яшчэ горш, не чуе нас або не клапоціцца пра нас. Пётр, нягледзячы на сваю імпульсіўнасць, вучыць нас дзвюм важным рэчам.
Па-першае, ніколі, нават у такія хвіліны, не перарываць дыялог з Панам, наадварот, з даверам казаць Яму пра свае цяжкасці ў разуменні таго, чаго Ён ад нас просіць.
Па-другое, ніколі не судзіць Божыя дзеянні, а хутчэй з пакорай і малітвай, прыслухоўвацца да таго, што Ён адкрывае нам праз Сваё дзеянне, нават калі гэта не адпавядае нашым чаканням, - падкрэсліў Святы Айцец.
Веліч першага з апосталаў выяўляецца ў тым ліку і ў гэтым.
Езус адкажа яму: “Адыдзі ад Мяне, сатана!”, і патлумачыць, што, каб ісці па Яго слядах, яны павінны адрачыся ад сябе, узяць свой крыж і ісці за Ім. Пётр так і зробіць: выслухаўшы Яго, прыме выклік і застанецца верным словам Хрыста, якога прызнаў сваім Збаўцам, на працягу ўсяго жыцця, аж да мучаніцтва, - нагадаў Пантыфік.
Леў XIV заклікаў прасіць Пана, каб і мы ў нашым жыцці веры і ў нашай малітве мелі такую ж шчырасць, як Пётр, пакорліва кажучы Яму пра тое, што сапраўды адчуваем, нават калі сэрца ў замяшанні, і ў той жа час умелі выхоўваць у сабе такую ж паслухмянасць, прымаючы тое, аб чым Ён просіць нас і што пераўзыходзіць нашы чаканні.
Напрыканцы Святы Айцец заклікаў Марыю, якая слухалася Божай волі аж да самага крыжа свайго Сына Езуса, дапамагчы нам.